Як поп маліўся...
1
Пачалі поп і дзяк
Абедню служыць
(Справа была ў нядзелю…)
Што ім, набожным,
Яшчэ рабіць?!
Каб бабы, то пралі б кудзелю!..
А так? Стаяць,
Бы пні, у царкве:
Поп – кадзілам махае;
Дзяк, аднавіўшы
Псалмы ў галаве,
На клірасе песні спявае...
А слухаць служкаў
Няма каму:
Пустая царква (і баста!..)
Вось поп узяў
Ды зацягнуў
Да дзяка гусцейшым басам:
“Дзяча, дзяча,
Стары няўдача!
Годзе табе
Казлом бляяць,
Годзе
Святых пужаць!..
Палезь ты, дзяча,
На званіцу высокую,
Паглядзі
На дарогу далёкую:
Можа,
Хто ў царкву ідзе,
Можа,
Што папу нясе...”
Палез дзяк
На званіцу высокую.
Паглядзеў
На дарогу далёкую.
Паглядзеў
і адказвае –
Бы псалом пераказвае:
“Бачу, бацюшка, бачу
Добрую ўдачу:
У царкву
Баба Антоля ідзе,
Пад пахаю
Пеўня нясе!”
Замахаў поп
вясёла
Кадзілам;
Аж большым
Вырас у постаці.
І заспяваў
з усім пылам:
“Падай, го-о-оспадзі!”
2
Памаліўся поп
За пеўня крыху,
Адпусціў тую бабу з мірам:
“Ідзі, раба божая,
(Не ў граху!)
Абнясу я пеўня пацірам,
І ўсё табе бог
Даруе наноў:
Я ўжо аб гэтым знаю.
Не забывай,
Да скону гадоў:
Праз храм дарога да раю!..”
І зноўку слухаць
Няма каму:
Пустая царква (і баста!..)
Ізноў поп
Узяў-зацягнуў
Да дзяка гусценькім басам:
“Дзяча, дзяча,
Стары няўдача!
Годзе табе
Казлом бляяць,
Годзе
Святых пужаць!..
Палезь ты, дзяча,
На званіцу высокую,
Паглядзі
На дарогу далёкую:
Можа,
Хто ў царкву ідзе,
Можа,
Што папу нясе…”
Палез дзяк
На званіцу высокую,
Паглядзеў
На дарогу далёкую.
Паглядзеў
і адказвае –
Быццам псалмом указвае:
“Бачу, бацюшка, бачу
Благую ўдачу:
П’яны
Антолін мужык ідзе,
Сам сабе
Пад нос гудзе,
Нясе ён
дубіну
На папову
спіну!”
Замахаў поп
у страху
Кадзілам:
Аж меншым
Зрабіўся ў постаці!
І заспяваў
з меншым пылам:
“Табе, го-о-оспадзі!..”