Не кажы “гоп”, пакуль не пераскочыш
Пра паляўнічых (дальбог!)
Расказваюць розныя байкі.
Любімы іх абярог –
Мядзведзі, ліскі ды зайкі…
Ох! штукары яны
На выдумкі – не дагоніш!
(У марах – як не круці! –
Не дапамогуць і коні…)
Любяць яны і прылгаць
З такой нагоды-напасці,
І – памарыць (што ўжо казаць?!)
Аб сваім паляўнічым шчасці...
Ды спявайце вы хоць наскрозь!..
Вось жа дзіва – фантасмагорыя*!..
Такой бяды!..
Ну дык вось –
Якая! – была! – гісторыя!..
Жыў-быў некалі ў нас
Адзін такі паляўнічы.
Пайшоў ён у лес – падчас
Цудоўнай зімы, маляўнічай.
Глядзіць: спіць пад кустом
Заяц! – харошы, спрытны;
Храпе – хоць ты грымні гром!..
Тоўсты, гарэза, – сыты;
На добрых лясных харчах
Адкарміўся за лета:
Не занясеш на руках!..
“Вось песня твая і спета!..
Час развітацца з жыццём!” –
Узрадаваўся паляўнічы,
Дастаючы капшук з тытунём
(А з твару – такі ваяўнічы!..)
Напіхае ён люльку; а сам
Любуецца зайцам, хістаецца;
Думае! думае!.. Аж па нагах
Асалода бяжыць-увіхаецца.
“Няхай, небарака, яшчэ паспіць, –
Паляўнічы рашае. –
Куды нам зараз ужо спяшыць?
Падрыхні!.. Хто яго знае:
Ад сну не толькі ён, чалавек,
Можа, і заяц тлусцее…
Як жа храпе! Варушыцца снег!
Мо, футра белае грэе?..
Нікуды ён цяпер ад мяне
(Хіба ж я не паляўнічы?!)
Ужо не дзенецца-не ўцячэ…
А што ж я з гэтае дзічы,
Як застрэлю, тагды зраблю?!”
Мужык – закурыў (па чэсці!):
“Ага! Мяса?.. яго – пасалю!
У дзежку складу! Буду есці
Патрошку (кавалак, хіба, – на дню!)
А шкуру? (хвацкая шкура!)
Прадам! Немалыя грошы вазьму!
(Мужык я! Не баба-сцяпура!)
Дзёшава не прадам! Сваю
Знаю я праўду-ношу!..
Так! так!.. А што ж я тагды куплю
За тыя прыгожыя грошы?”
Прыкінуў мужык і гэтак, і так:
Дзірак у гаспадарцы,
Як не круці, у адзіны кулак
Не возьмуць ні ліскі, ні зайцы…
“Ага! – падумаў, – лепей куплю
На грошыкі тыя курачку!
Харошую, тоўстую!.. Хоць бы зямлю,
Шукаючы курку-мурачку,
Мне б давялося прайсці-абыйсці?
Знайду!.. куплю!.. патаргуюся!..
Ад зайздрасці, сквапнасці?! Ні!-ні!-ні!..
(Не дарэмна ж зайцам любуюся?!)
Курачка – яек мне прынясе;
Адразу (ад яйка першага!)
Потым вазьму, пасаджу яе
На тыя яечкі ў рэшата;
Яна праз дзень (максімум – тры!..)
Мне куранятак падорыць
(Курачку ж я куплю не абы
Якую!.. Хіба ж тыя моры,
Землі заморскія, я абыйду
Дарэмна, яе шукаючы?!)
Гэта – Макар (на сваю бяду!)
Сусед мой!.. на дудцы йграючы!..
Няхай чакае (тыдні са тры!)
Ад куркі сваёй прыплоду!..
Пеўнікаў-курачак мне падарыць –
Мая! у любую пагоду! –
Здолее?.. толькі свіснуць-гукнуць! –
Паляўнічы пастукаў у грудзі… –
Пеўнікаў, значыць (як падрастуць!)
Парэжу!.. Зноў мяса будзе!
А курачак? Курачак я прада-а-ам!..
Зноўку грошай прыдбаю;
Вялікіх грошай!.. Ай! – тара-рам!..
Ой! баю, мой заю!.. Ба-аю! –
Ледзь паляўнічы ў люльку сваю
З радасці не спявае. –
Што ж я за тыя грошы куплю?” –
Зноўку ён разважае…
“Ага! Куплю я на гэты раз
Авечку! (і ўвесь занятак!..)
Авечку – харошую, першы клас!..
Яна прывядзе ягнятак:
Трох, чатырох (нашто мне адно?!)
Як мінімум, дзетак – парачку!..
Як жа я іх палюблю (як віно!)
Баранчыка!.. ды тую ярачку! –
Аж паляўнічага (вой!) трасе;
Бы ў землятрус тую вежу. –
Баранчыка, значыць, як падрасце,
Я (гэта?!) на мяса зарэжу;
От жа наемся (божачкі мой!)
Мяса цяпер удосталь!..
Трохі – прадам! –
каб “святой вадой”
Запіць… Ну, не есці ж проста?!
А ярачку? Буду я гадава-а-аць,
Люлеяць яе, ды песціць:
Зранку і ўвечары вымываць
Разоў мо па сто (ці дзвесце!)
Год за годам?.. І – чараду
(Можа, нават пад тысячу!)
Я! – авечачак развяду
(Ой! зажыву – без вычытаў!..
Буду качацца па тым жыцці
Як коцік у масле!.. Шчасце!
Толькі – еш мяса; у ноч глядзі,
Каб хто не залез украсці!..)
А можа?.. Можа – і не адну
Я чараду адолею?!
Так! так!..Ой! далібог развяду!..
З мужчынскаю сілай-воляю
Сябрую я (глядзі на павер!)
Сілы ў руках – па пуду!..
Гм!.. Ага.. Што ж я цяпер
З авечкамі дзелаць буду?..”
Думаў ён, думаў: перабіраў
Справы і тыя, і гэтыя…
Так меркаваў ад грашовых спраў
Пра мары свае запаветныя,
Што нават забыўся, чаму ён тут:
У гэтым, значыцца, лесе?..
Люлька патухла!..
Мужчынскі зуд
Ізноўку ў вантробы лезе…
“Ага! – надумаўся ўрэшце, – нам
Мяса таго не трэба!..
Авечак я таксама прадам
(Мазгі на плячах – не рэпа!..)
Грошай вазьму – вялізазны мех:
Марак, даляраў, еўра
(Поўненькі мех! Ажно цераз верх!..
Ніводная ў свеце хеўра
Ніколі мяне не падманіць; не!..
Гляджу я на свет сурова…)
Куплю карабель; ды па вясне
(Бывай! мой Макарка-“Вова!”)
Нагружу яго
лёнам і семем; ды
Паеду за Чорнае мора –
Да! – гандляваць!..
І шукай сляды
Маё! – пазатое! – гора!..”
Ажно мужыка прабіў калатун:
“За морам лавэ** ўтаргую?
Горы!.. Вярнуся дахаты (у-у!)
Маёнтак куплю… Старую,
Бабу сваю, выганю прэч;
Вазьму за сябе маладуху;
Стану багатым як чорт, як смерч
(Любую вярну аплявуху!..)
Зямлю мужыкам у арэнду здам;
Падаткі здолею ўвесці
(“Што! дарагія, не казка вам!..
Абы вам паспаць-паесці?!”)
Прыйдзе каторы з іх, мужыкоў,
У мае дарагія палацы…
Паклоніцца нізка:
“Гібее кроў…
Ад гэтай нялёгкай працы…
Паночак! мілы! Ну, пачакай:
З падаткам; на маці-зямельку…
Ты ж некалі быў як цёплы гай;
Як мы; ну, сваім у сцельку!..
Дзеткі – галодныя; грошай – няма…
Аддам апасля з дабаўкаю…
Дзеці памруць, калі мне турма…
Злітуйся ты над Саўкаю…”
………………………………………
А я?.. Пан Ян
(Сёння – Іван)
Вусы падкручу
Ды як закрычу:
“Прэч, мужык,
З вачэй!..
Нясі
Падатак хутчэй!..”
І так ён моцна ўзяў-закрычаў
(Наш паляўнічы шчаслівы!)
Што, мабыць?.. у Афрыцы змерз удаў;
На Кіпры памерзлі слівы;
Амерыка вые: “Усе – на вайну!..”
У небе – зорак нястачы…
А заяц?.. Ён – прахапіўся ад сну
Ды толькі яго і бачылі…
* * *
Жыццё, мае дзеткі,
Яно ж – не кроп***…
Кажуць жа людзі, –
У вочы, за вочы:
“Не кажы,
мой дружочак,
“Гоп”,
Пакуль –
Не пераскочыш…”
________________________________________________
* Фантасмагорыя – нешта выдуманае, фантастычнае,
як бы незямное, – удакл. аўт.
** Лавэ – грошы, – удакл. аўт.
*** Кроп – укроп, – удакл. аўт.