Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Старыя, як малыя...

Вашая адзнака Нет Сярэдняя: 4 (21 голас)

1

Пасвілі ў нейкай вёсцы авечак
Два пастухі – Дзям’ян і Раман.
Абодва – немаладыя (свечак
Ад тых душэўна-сардэчных ран
Яны не насілі – ну, аніколі! –
Ні ў касцёл, ні ў тую царкву…
На вёсцы жыць – разсвятая доля
І без свечак… у кажушку!)
Дзям’ян – ён быў чалавек справядлівы,
Работу сваю сумленна рабіў…
А Раман – чалавек жартаўліва-ўхцівы,
Усё хітраваў (ну, такім ужо быў!)
За авечкамі бегаць ён ленаваўся:
То ў яго ножанька забаліць,
То схопіць жывоцік (няшчадна браўся
Боль за ўсё… Абы не рабіць!)
А што лепшага ў торбу трапляла
Ад іхніх, значыцца, гаспадароў,
Першым з’ядаў: хлеб ці то сала –
Усё ішло: на “Ура!-Будзь здароў!”
Не падабаўся Дзям’яну (адразу!)
Яго таварыш. Ды што тут зробіш?!
(Зямля!.. Ты – розныя косці носіш!..)
Цярпеў Дзям’ян; да пары да часу…

2

Неяк у свята (у ранак добры!)
Ох! раздобрыліся гаспадары;
І паклалі дзядам у торбу
Мо, з дзесятак яечак!.. ды
Добры! ладны кавалак сала
(Таўшчынёю – хіба, з далонь...)
Як пастухам вясёленька стала!
Як пульсуе ў Дзям’яна скронь!..
Узялі Дзям’ян і Раман з сабою
Патэльню, запалкі, вязанку дроў…
Расклалі агонь, –
каб пячы ў тым полі
Яечню (авечак глядзець – не кароў!)
Гамоняць сабе пра тое ды сёе
(Мабыць, удакладняюць меню!..)
Скінулі світкі (мінула былое)
Цёпла стала каля агню!..
“А помніш, Дзям’ян, як мы з табою
Малыя былі?” – гаворыць Раман.
“Дзіва што помню?! Забудзеш такое! –
Ажно падскочыў з калень Дзям’ян. –
Ты тады, як кот па кілбасы
(Ці па сала? А мо, па тлушч?!)
Усё ў чужыя садочкі лазіў:
Мала сваіх было яблык і груш!..
А гэтых авечачак мы з табою
Разам пасвілі і тады…”
“Але! – Раман трасе галавою;
Глытнуўшы, нібы са смагі, вады. –
А помніш, як мы тады гаварылі?
Не так, Дзям’ян… Не так, як цяпер!”
“Пэўна ж не так… Былі малыя!..
Ты ўжо мне, мой Раманку, павер, –
Расхваляваўся Дзям’ян, – Бывала,
Як не спіцца мне па начы,
Дзяцінства бачу – як гэта сала!
Бачу так?.. хоць нема крычы.
На авечак казалі – авецацкі;
А агонь у нас – жыжай быў…
Ах, дзяцінства!.. Мілыя кветачкі!..
Як успомню – быццам не жыў…
Старасць-старасць… Кожны з ёй хворы…
Самота б’е! – ажно цераз край!..”
“Братка Дзям’ян! Дык давай пагаворым
Мы так і цяпер… Ну, што ты?! Давай!..
Гэта ж – вельмі цікава! смешна!” –
Кажа Раман…
“Пацешна… –
Удакладняе Дзям’ян. –
Давай пагаворым, Раман.”
І пачалі
дзядочкі сівыя
Гаварыць – як малыя…

3

“Ты, Раманацка, – кажа Дзям’ян, –
Кладзі халасо галавесацкі;
Каб за патэльня лягла без заган!
А я – у сонцы яецанькі! –
Нарэзу сквалацак!.. Халасо?!”
“Налэз сквалак, Дзям’янацка. –
Кажа Раман. – О!.. Добла! Во?!
Мо, гэтая – тоўстая сквалацка!..”
Так і гамоняць! гамоняць яны…
А тут – і яечня спяклася!..
Убачыў Раман: у далечыні
Авечка ў ячмень падалася! –
“Дзям’янацка! Боза мой! А паглядзі?!
На яцмень! На авецацку тую!..
Бязы, калі ласацка, адгані…
А яецаньку я павалтую!..”
Усхапіўся ўміг паслухмяны Дзям’ян
І пабег адганяць тых авечак…
А Раман? (вось хітры мужык! галган!..
Не ставіў па цэрквах свечак!)
Узяў тым часам яечню – хоп! –
І з’еў! – усю! (ды з салам!..)
Вярнуўся Дзям’ян: аж вочы на лоб
Палезлі – патэльня пустая!
(Нават – яго!.. таго туку* няма!)
“А яецанька дзе?” – пытаецца.
“Жыжа – гам!-гам!” – гаворыць Раман;
І… аблізваецца, усміхаецца.
Ну, жыжа дык жыжа (якіхсьці слоў
Не трэба!.. Тут словы – пустыя.)
Паселі дзяды каля вогнішча; зноў
Гамоняць – як тыя малыя…
А тут – авечкі! – ў той жа ячмень –
Шусь! – ізноўку палезлі…
Ускочыў Раман як бачыш з калень;
Бы цела сляпні заелі:
“А бозацкі! Бозанька! Сцыланькі мой!..
Бязы! адгані іх, Дзям’янацка!”
“Не-е-е! – круціць Дзям’ян галавой. –
Твая цалга, мой Раманацка.”
“Вой! у мяне… зывоцік зуззыць!” –
Раман за жывот ухапіўся.
“Не зыватом!.. Ты – нагамі бязы!” –
Дзям’ян (нібы!) абурыўся…
Давялося Раману на гэты раз
Самому ляцець да авечак
(Мабыць, дзеткі, цікавіць вас
Дзям’ян? – таксама ж ён свечак
Ні ў касцёле, ні ў той царкве,
Як і Раман, не ставіў…
Знаеце, дзеткі, – не ў галаве
(Сярод гаспадаркі-атавы!)
Сялянам нейкі будда ці бог…
Тым болей – спакойным мужчынам;
Пад вечар – абы заваліцца на бок:
Наробішся так! – хоць клінам
Веру якую ў душу заганяй –
Дарэмная праца-турбота!..
Хіба што – бабам нябёс падавай;
І то – пасля ежы… Работа!
(Работа б’е і пад дых, і ў скронь…)
…………………………………………
Пабег – кульгаючы (брыдка!)
Раман… А Дзям’ян? – хоп!.. –
у агонь
Паляцела Раманава світка!..
Вярнуўся Раман? Світкі няма.
“А дзе з мая світка, Дзям’янацка?” –
Пытае ў таварыша… “Карма-калма!..
Яе – жыжа: гам!-гам! Раманацка…” –
Развёў рукамі спакойны Дзям’ян…
Узлаваўся Раман на Дзям’яна;
Раскрычаўся – нібыта якісьці пан
(Крычаць на сяброў – загана…)
І падаў на таварыша ў грозны суд:
За тое, маўляў, што ён – баламут! –
Узяў-спаліў яго новую світку
(Эх! не цягнуць бы за гэтую нітку!..)

4

Выклікае суддзя (ой! грозны, суровы!)
Былых сяброў на вялікі суд…
І кажа: “Слухайце ўважліва! Словы
Лішнія мне не патрэбны тут…
На пытанні мае адказваць дакладна,
Ясна, проста… Ну – упярод!
Пытанне – першае, да Дзям’яна:
Чаго ты, стары, баламуціш народ?
Навошта спаліў ты Раманаву світку?”
Дзям’ян у адказ: “Таварыш суддзя!
Увесь перад вамі я – чысты, празрысты:
Ніколі ні з кім не сварыўся я.
Жыў-працаваў, як пчолка, старанна…
Спытайце ў яго: калі тое было?!”
“Добра, – кажа суддзя. – да Рамана
Цяпер пытанне: што да чаго?”
“А ці ж ён, гіцаль,** ужо не помніць?! –
Раман узбуджана залапатаў. –
Бачыш? на памяць зрабіўся цёмны,
Як я ў суд на яго падаў!..
Гэта было, суддзя мой! таварыш,
Тады, калі мы малымі былі…
Успамінай! Што ты мозгі парыш
І мне, і яму – ягамосцю-суддзі?!
Таварыш суддзя! Мы тады гаманілі
Па-дзіцячаму! ў полі! каля агню!..”
Ледзьве Дзям’ян не губляе сілы,
Хаваючы смех за душу сваю…
“Але, – Дзям’ян нібы разважае. –
Гэта было?.. Ага! акурат,
Мо, з паўсотні гадоў назад;
А мо, і паболей?.. Хто яго знае…”
Узлаваўся суддзя як бач на Рамана:
“Што ж ты, ёлупень! Дурань стары!
Мне даўняе ўспамінаеш?.. Мо, п’яны?!
Трэба было – у свой час, тады
І на суд падаваць!.. Які дуркаваты!
Што ж ты народ баламуціш цяпер?!
Вон! Вымятайся з судовай палаты!..
Я! калі справядлівы, – звер!..”
І выгнаў суддзя Рамана з суда.
Штрафу – не даў (і на тым не бяда!..)
Стаў Раман асцярожным да працы
(Хітрыкамі – перастаў ён займацца…)

5

Не дарэмна народ наш мовіць!..
Хай, дзіцятка, душа твая зловіць
Хоць бы гэтую цуда-прыказку;
Занатуй – як божую іскарку! –
“Бог – не цяля!..
Ён бачыць яго, –
Круцяля!”
02-04.12.2004.
__________________________________________
* Тук – растопленный жир, – удакл. аўт.
**) Гіцаль – плутишка, мошенник, – удакл. аўт.