Мужык і жонка
Адзін мужык у адным сяле
Часта сварыўся з жонкаю:
“Гультайка ты! – крычыць на яе,
Пазвякваючы баронкаю. –
Я – і ару, і кашу; а ты
Нават абед лянуешся
Мне прынесці ў поле!.. Ыгы…
Што добра робіш?.. Цалуешся!”
“Ды ў мяне дома работы больш,
Чым у цябе ў тым полі. –
Кажа жонка. – Каб мяне вош
З’ела; да ўсёй маёй долі!
Калі мне прыносіць табе абед?!”
Мужчына – не верыць жонцы
(Вось жа сышоўся на вёсцы свет!
І дзе? У нашай старонцы!..)
“Якая дома работа? Цьфу!
Такую работу, гуляючы,
Я, як бачыш, у міг зраблю…
Ды як зраблю? Прыпяваючы!..
Ну, дзе тут работа? Паказвай! Дзе?!” –
Смяецца ён ціха-звонка…
Аднойчы, ў нейкі набожны дзень,
Узлавалася жонка:
“Што ж? Калі так, я паеду араць,
А ты заставайся дома...”
Мужык – зарадаваўся: “Ура! –
Выгульвае “Тома!-Тома!”* –
Добра. Цяпер ты ўбачыш, маць,
Хто з нас праўдачку кажа!..
Араць – не гаршочкі перастаўляць;
Поле – не печ; не сажа!”
Сабралася жонка ў поле. З сабой
Трохі ўзяла паесці.
І кажа мужу: “Каханенькі мой!
Будзь дома. Не шорхайся дзесьці…
Глядзі ж: парабі работу; усю…”
Мужык азірнуўся на хату;
Рагоча: “Якая работа тут?
Ой, мілая!.. Дайце параду!”
“Ну, не дуркуйся!.. У хату пайшлі…
Глядзі, – паказвае жонка. –
Бачыш! вунь рошчына;** у дзяжы?”
“Бачу! мая ты папонька!” –
Муж спрабуе жонку абняць...
“Цішэ-э-эй, – спявае каханая. –
Трэба мне ехаць поле араць;
Ты ж – застаешся за Ганну…
Я!
Сур’ёзна кажу!.. Янка-Вано!
Мукі намяліце ў жорнах!..
Цеста зрабі; а як яно
Падыйдзе, – спакойна-праворна
Пасадзі наш хлябочак у печ…”
“Ну-у-у! гэта мне – не турбота! –
Махнуў мужык далонямі, з плеч. –
Якая яшчэ тут работа?”
“Масла збі”, – гаворыць жана.
“І гэта не цяжкая праца.
Што яшчэ?.. Мо, дацямна
Будзеш ты тут заляцацца?!” –
Абурыўся мужык (нібы!..)
“Пільнуй цялят на папасе, –
Мовіць жонка. – Каб жа яны
У шкоду не ўлезлі (ў калгасе…)
Яшчэ работа?.. Абед звары.
Ды наглядай умела
За квактухай: каб без пары
З рэшата не зляцела.
Глядзі! любімы: зляціць яна,
Яйкі як бач пастынуць;
І ў гэтым будзе твая віна…
Кураняткі загінуць…”
Расказала жана мужыку
Што рабіць яму дома
(Натлумачылася? Угу! –
Аж узяла яе стома!)
Ды сабралася (пакрысе)
Паехала поле араці…
Мужык – пасміхаецца сам сабе,
Тупаючы па хаце:
“Я не толькі работу зраблю,
Выспацца ўволю паспею! –
Закурыў ён люльку сваю. –
Ой, жоначка!.. Я не згібею!..”
Пачаў ён муку малоць… “Ла!-ла!” –
Спявае сабе (на паўголаса…)
А каб работа спарней ішла,
Узяў, прывязаў да пояса
Бойку – са смятанаю (вох!)
Круціць жорны, ківаецца;
Дык смятана – боўць! (мой бог!) –
Сама на масла збіваецца!
Якая самота?..
Якая турбота?!
Добра
Ідзе работа!
Тут раптоўна (бы грымнуў гром!)
Злева суседскія дзеці
Як расшчабечуцца пад вакном:
“Дзядзечка!.. Хопіць вам есці!..
Ці вы заснулі?! Глядзіце: вунь
Цяляткі ў шкоду залезлі!..”
“А каб іх, дзеткі, пабіў Пярун!
Ці ў лесе ваўкі заелі!” –
Закрычаў мужычок. Бы птах,
Кулем “пайшоў” на вуліцу…
А бойка? яна!.. – тарарах! – тах!-тах! –
Яго – па каленях… Муліцца!..
Недзе ўжо – там! – паміж ног…
Трохі прабег ён (оп! – лю!-лю!..
Не! недалёка – ледзь за парог!..)
Ды як – грымнуўся вобземлю!..
Дык накрыўка ў бойцы – бух! –
Выскачыла зарана!..
(Бы з-за кратаў свабодны дух,
Вылілася смятана…)
Падняўся ён (як ёсць – Дзед Мароз!
Хіба што – смятана сцякае!..
Крыўдна, дзеткі?.. Ажно да слёз!..
Калі – галава дурная!..)
Што ж? Са злосці плюнуў мужык;
Пабег ужо надта скора…
Павыганяў цялятак (усіх!)
З аўса; прыгнаў на падворак:
“Не хочаце, – кажа, – дзеткі мае,
Пасвіцца на папасе?..
Стойце галодныя! у хляве!..
Асобна жыць – не ў калгасе!..”
Вярнуўся ён у хату. Глядзіць…
(Што ўбачыў? Любога ашпарыць!..)
Замест яго (спявае! вішчыць!..)
Рабая свіння гаспадарыць:
Рассыпала па падлозе муку,
Рошчыну з’ела… Да гэтага ж –
Каб яе чорт узяў за нагу! –
Сагнала квактуху з рэшата!
Мужык схапіўся за галаву
(Як за яе не ўзяцца?!)
Вытурыў з хаты тую свінню:
“Вон! – крычыць. – Папараццы!..
Вон! пакуль не прыйшлося забіць!..
Вон! паскудная пігаліца!..”
Стаіць у хаце: “Што ж мне рабіць?! –
Аж засвярбела патыліца;
Так разважае… – хоць ратаваць
Трэба мне гэтыя яйкі;
Бо як астынуць (ні даць!-ні ўзяць!)
Жонка закруціць гайкі,
Ды пад завязку: выпіць не дасць;
Можа нават з паўмесяца!
Будзе казаць: “Не мужы-ы-ык ты! Гразь!
Ва ўсіх кураня-я-яткі песцяцца…
У нас жа? Вуга-а-а! Не было б жуды?
Свіння гаспады-ы-ыняй хмурыцца!..”
Мужык – пакруціўся туды-сюды!..
Няма гэтай блуднай курыцы!
Сеў мужычок (а божачкі мой!)
З горачка… сам на рэшата!
Баіцца паварухнуць нагой:
“Дзе ж гэта кура? Дзешака?! –
Думае. – Добра!.. Такой бяды?!
Ну, падмяню яе трохі…
Мне мой узрост – не годы-гады!
Абы не самлелі ногі…
Сядзець – не зямельку губою рыць…
Вернецца тая квактуха,
Тады я злезу абед варыць…”
(Словам, сядзець – не скруха!)
Ды ехаў праз вёску адзін казак;
Зайшоў ён вады напіцца;
Убачыў?.. на рэшаце!.. мужыка?!
Бы ў вока яму бліскавіца:
“Што ты тут робіш?!” – пытае ў яго.
“А-а-а! куранятак выседжваю.“ –
Кажа мужык… “Што да чаго?! –
Казак дрыжыць пад адзежаю. –
Хто гэта, браце, цябе пасадзіў
На рэшата?.. Сорам ды й годзе!..”
Мужык – расказаў (праставаты ён быў:
Як большасць у нашым народзе…)
Як ён у хаце сваёй (не чужой!)
За гаспадыню застаўся;
Як над яго мужыцкай душой,
Відаць, сам чорт насміхаўся…
Парагатаў казак: “Га!-Га!..”
(Я шчыра ўсё пераказваю!..)
Ды як давай хвастаць мужыка:
Нагайкай!.. Лупіць-прыказвае:
“Вось табе (ад казачай душы!)
Мужык, за тваю дурноту!..
Жонка ў полі робіць работу…
А ты што робіш? Кажы?!”
Круціўся! круціўся бедны мужык;
І… падушыў усе яйкі.
Бачыць: няма паратунку – бзык
У казака (і нагайкі!)
Думае: “Буду сядзець? Памру!
Не жартачкі з гэтым зверам!..” –
Саскочыў з рэшата; ды на гару!*** –
Схаваўся… у кораб з пер’ем.
Казак – напіўся вады; далей
Паехаў, – усё рагочучы…
Мужык жа… Сядзіць у пер’і: “Змей!” –
Кляне казака; праводзячы
Таго ненавісным позіркам; так,
Бедны, з ім “назмагаўся”,
Што ад страху, – заяц-бяляк! –
Калоціцца…Во! напужаўся!..
А тым часам (ну, не з рукі!)
Едуць?.. прыехалі ў госці
Жончыны (вой! яны!) бацькі!..
У хату зайшлі ягамосці…
Глянула цешча вокам сваім
На непарадкі ў хатцы…
Кажа да дзеда: “Не хлебам адным
Жыве чалавек?! Не! трасцы!..
Не дзіва, дзед, што любімы зяць
З нашай дачкою сварыцца!..
Відаць, і праўда (што тут казаць?)
Гультайка яна… Надарыцца ж
Такое гора!.. Ярмом-ярмо!..
Не любіць дачушка працу…”
“Ну, калі так, давай аддамо
Гасцінец не дочцы, а зяцю”, –
Кажа стары…
Мужык з гары
Усё гэта чуў – да кропкі…
Цікавасць яго ўзяла (да пары!):
“Які ж там гасцінец прывезлі яны?!”
(Смяшыць чалавек! – таропкі…)
Перагнуўся ён, мужычок,
Цераз кораб пузаты,
Каб убачыць (вось жа смарчок!)
Той самы гасцінец пракляты…
А кораб?.. без намаганняў! слоў! –
Бабух! – паляцеў стралою:
Разам з ім! мужыком!.. далоў!
(Ды з грукатам!.. Ды з бядою!..)
Пачулі дзед з бабуляю той
Грукат? Выбеглі ў сенцы…
І бачаць: нехта (аж з галавой!)
У пер’і, чэша каленцы!..
“Чорт!.. А чорт!..” – закрычалі яны:
Разам, у адзін голас…
Бабка – шпарка робіць крыжы;
У дзеда ж – не ўпаў і волас!
(Ні адзіны!) з сівой галавы
(Жыць – не цялятак пасвіць!..)
Намацаў ён касцяк качаргі –
Давай таго чорта дубасіць:
“Бач, нячыстая сіла, куды
Панадзіўся з дуру цягацца! –
Прыгаворвае дзед. – Ідзі!
Яшчэ табе дам па сраццы!..”
Усхапіўся мужык з калень,
На агароды падаўся…
Кінуўся так, нібыта цень
Чорта за ім увіхаўся!..
Схаваўся там у каноплях… і
Сядзіць ні жывы, ні мёртвы;
Чухае ногі, спіну, бакі;
Дрыжыць: “Нагайка –
не сталь качаргі!..
Гаротны я хлопец, гаротны!..”
А тут – і вечар. Сонца зайшло…
Вярнулася жонка з поля.
Бацькі ёй кажуць: “Мір і святло!..
Такая цяпер твая доля!
І – у цябе, і ў твайго мужыка
Не будзе давеку мукі!..”
“Чаму?” – пытаецца ў іх дачка;
Мыючы гразныя рукі.
“Бо мы…” – адказвае бацька... “Ты!..” –
Удакладняе маці…
“Да… – згаджаецца той, – бяды
Болей не будзе ў хаце…
Ёсць яшчэ тая моц у руках:
Мы выгналі чорта з хаты!
Ды як?! Далі яму па зубах…
Ён вас сварыў, пракляты!..”
І праўда… Мабыць, жыццё пазнаць
Можна – хіба пад нагайкай…
Перастаў мужык абзываць
Жонку! – сваю! – гультайкай…
________________________________________________
* “Тома!-Тома!” – руская папсовая песня ў выкананні
былога дуэта “Акадэмія”, – удакл. аўт.
** Рошчына – негустое цеста на дражджах або з
закваскай, якое пасля замешваюць, – удакл. аўт.
*** Гара – вышкі ў сенцах; па тыпу, другі паверх, –
удакл. аўт.