Надакучлівыя госці
Братам Адамам
У ціхай вёсцы, каля вады
(Ля рэчкі, а можа – возера)
Жылі спакойныя два браты…
Не елі яны марозіва.
Працавалі – за семярых
(Якая галеча! жахі?!)
Ды раптам – госці
прыйшлі да іх:
Два гультаі-гулякі.
Добра сустрэлі браты гасцей:
Пачаставалі, чым мелі;
Пляшку паставілі (як у людзей!)
Патанчылі – як умелі…
(Госць – святое… Хоць – і ўдар
Па гэтых харчах-запасах…
Трэба ж неяк выгарнуць жар*
І – братам…)
А тым часам?
Мінае дзень, мінае другі,
Тыдзень мінае… А госці
(Устануць жа людзі не з той нагі!)
Дадому не едуць штосьці…
Гуляюць сабе: гарэлку п’юць,
Спяваюць да ранку песні…
Гаспадарам рабіць не даюць
(Гора братам – хоць трэсні!..)
Якое вяселле?! Калі штодня
Трэба глядзець гаспадарку
(Толькі працай – аж да цямна! –
Заробіш на хлеб і скварку…) –
Свіней пакарміць (ды даць курам!)
Адправіць кароў на выган…
(Ой жа! абрыдлі госці братам!
Не ведаюць, як іх выгнаць?!)
Думалі так; думалі сяк…
Прыдумалі – пад світанак…
Толькі госці выпілі гляк
Гарэлачкі – пад сняданак! –
Пайшлі браты малаціць…
А там
(Вось жа словы загнулі!)
Давай – сварыцца: каб жа бедлам –
Іхні! – госцейкі чулі.
Меншы раве: “Палавумны!.. Гад!
Як жа ты збожжа дзеліш?!
Няхай! няхай ты старэйшы брат,
А ў крыўду мяне не змелеш!..
Давай дзяліцца!..” – “Не разяўляй
Рота! – рыкае большы. –
Хочаш дзяліцца?! Ха-а!.. Давай!
Дурань; заездзяць вошы!..”
Вярнуліся ў хату; гудуць, гудуць:
Дзеляць яе, – гаспадарку.
Так раскрычаліся?.. ледзь не б’юць
Адзін аднаго па карку
(Няма на свеце віны прасцей,
Чым пасварыцца з бліжнім…)
Урэшце – справа дайшла да гасцей…
(А госці – бы тыя вішні!..)
“Давай і гасцей дзяліць!.. Угу?! –
Мыкае брат на брата. –
Я – вось гэтага госця вазьму
На сваю палавіну хаты,
А ты – другога…
Ён жа – пірат!
Будзе з кім пахмяліцца!..”
“Добра, – згаджаецца большы брат. –
Дзяліцца?.. значыць, дзяліцца!”
Што ж?.. Падзялілі
яны
і гасцей…
(Справа ж – не на паўсвета!..
Гасцей – не грошы дзяліць…)
Карацей?!
Настала пара абедаць…
Большы брат згатаваў абед –
Не адцягнеш за вушы:
Тут і кілбасы, тут і амлет
(Яблыкі тут; і грушы…)
А меншы брат – узяў-наварыў
Капусты, – і то нішчымнай!..
Селі – есці…
І тут браты
“Укленчылі” больш нястрымна!
Меншы кажа: “Во справы!.. Во-ось.
Бачылі б – татка, маці!
Няма ў мяне, дарагі мой госць,
Чым цябе частаваці…
Усю скаромніну пры дзяльбе
Большы ўзяў – пад завязку!..
Вазьмі ў яго (ні мне!) для сябе
Хоць бы адну кілбаску…”
І госць (як бык) папёр напралом…
Вельмі ўжо быў ён ласы
На ўсё чужое (ды за сталом!) –
На грушы, амлет, кілбасы…
Ды толькі ён працягнуў руку
Па кілбасу?.. Брат большы –
Трах! – лыжкай па лбе…
“У-угу!..”
(Вось – і “Угу!..” Дзе грошы?!)
Божачкі! Шчыры!.. Ой? неўспадзіў!..
Меншанькі брат – апалонік схапіў!..
“Як?! – завыў (бы на ўсё сяло!)
Зайшоўся?.. нібы адрыжкай. –
Дык ты! дарагога! госця майго
Будзеш кілбасіць лыжкай?!
О-о-о! Калі так, то я твайго –
Вось! – апалонікам трэсну!..
Няхай я буду дзікун, хамло!..
Няхай?.. душой не ўваскрэсну!..”
І так ён трэснуў па галаве
Яго – братава госця!.. –
Неба таму (нібы, на траве!)
Можа, з аўчынку здалося…
Усхапіўся; ледзь цягне нагу
(Нават – адбегчы не варты…)
Тут большы брат схапіў качаргу
(Раз’юшыўся – ой! – не на жарты!..)
“Што ж гэта робіцца?! Ты! мурло!..
Госця майго!.. пад страхою
Маёй! – апалонікам?!
Я твайго
Перацягну качаргою!”
“А калі ты – качаргою майго!.. –
Меншанькі брат бушуе, –
Дык я! твайго (было ні было!)
Зусім адрапартую!..”
Усхапіўся ён?.. ды павалок
Госця большага брата –
За каўнер! – за родны парог!
(Хоць на душы – гаркавата…)
“Ах! – закрычаў большанькі брат, –
Добра! Няхай жа следам
(Без нараканняў! крыўды!-парад!)
І твой за маім – “валетам!..”
Пры гэтых словах ён ухапіў
Госця меншага брата
Ды так яго нагой “палюбіў!..”
Ажно... пасвятлела хата.
(Нібыта сваркі – і не было!..)
Ачухаліся
тыя госці?..
Пабеглі так – уздоўж павяло!..
(Трашчалі і сэрцы, і косці…)
Так браты (глядзі весялей!..)
Збавіліся
неўзабаве
Ад
надакучлівых
тых гасцей…
(І дабро з кулакамі бывае…)
___________________________________________
* Выгарнуць жар – выгрести угли, – удакл. аўт.