Шаптуха
А у перапёлачкі ды галоўка баліць…
З народнай песні
Надта хочацца ў вырай,
Мая белая лебедзь!..
Мая сумная лебедзь…
З песні на верш А. Сыса
Божая Мацер Неуталімая
Стаіць на новым месцы ў Ерусаліме:
З яснымі свячамі,
З горкімі слязамі…
Не плач, Маць Марыя!
Твой Сын на распяцці:
Ручкі-ножкі скованы,
Кап’ём бок праколаты…
Амін!
Жыла, дзетачкі, ў вёсцы глухой
Дужа-дужа старэнькая бабка.
Хаткі ў вёсцы – адна пры адной:
Мо з дзесятак. Жылося ўсім зябка…
І на самым ускрайку сяла
Ціха бабчына хатка стаяла.
Ой! старэнькая хатка была,
Ну, як бабка! – ні многа, ні мала…
Ды знайшоўся мужык-чалавек,
Нарабіў гэтай хатцы падпорак.
Дажывала бабулька свой век,
Дажывалі з ёй дом і падворак.
Толькі ветрычак дуне-дзьмухне,
Дом не знае, куды паваліцца.
Назбірае, нібы па вайне,
Бабка трэсак, знясе… у карытцы,
Ды падпаліць у печы сваёй;
Сядзе, грэецца перад агеньчыкам
(Гэта ж ведама, дзеткі: старой
Дык і ўлетку той холад каменьчыкам…)
Калі ёсць што пад’есці-папіць,
Бабка трошкі пад’есць ды нап’ецца…
А няма... Значыць, так мае быць;
Выйдзе ў двор, паглядзеўшы ў акенца…
1
Ехаў неяк праз тое сяло
Сыты пан; сутыкнуўся ён з бабкаю?
Ажно мову ў яго заняло!
Папярхнуўся, за макам, аладкаю…
Запытаўся: “Хіба ж ты жыва?!”
А бабулька: “Жывая, паночку…”
“І што! варыць яшчэ галава?” –
Пан забыўся, што хутка і ночку
Бог пашле на зямлю (ў тумане…)
Вылез з брычкі. Бабулька з запінкаю:
“Не ідзе тая смерць па мяне…” –
Ціха слёзка злілася з хусцінкаю.
“Хм!.. А колькі ж табе ўжо гадоў?” –
Пан нібыта заняўся карэтаю;
Запытаў проста так, дзеля слоў…
“Я гадам сваім ліку не ведаю…” –
На пяску нейкі крыж (ці то верш?)
Бабка палкай сваёю выводзіла.
“Матка боска! А як ты жывеш?!” –
Пан глядзеў на бабульку як боўдзіла.
“А-а-а! якоё маё ўжо жыццё? –
Бабка ветрык разбіла далоняю. –
Чым такое жыццё, лепш выццё
Па душы ваўкалака пад Поўняю!..
Як так жыць – у зямлі лепей гніць,
Хай бы чэрві ўжо цела забралі…
Я даўно не магу ўжо рабіць.
Дзеці-ўнукі ж?.. Даўно паўміралі.
Гэта страшна, паночку: адна
Я цяпер, як былінка ў тым полі.
Верыш: спаць не магу; давідна…
Не дай божа каму такой долі!..
Невыносна адной паміраць.
Коцік Мурзік, як сонейка, чахне.
Няма слова каму мне сказаць.
Ды й самой ужо голадам пахне…
Малака наліла Сіма ў гляк.
Разліла я, частуючы коціка.
Кот падлогу мне вылізаў так,
Хоць ты – замуж ідзі! за Хвядосіка!..
Гора, гора!.. Ды кубка з вадой –
Кх! – няма каму ўрэшце паднесці…
Памажы, мой паночак, старой
Хоць чым-небудзь… Бог любіць па чэсці…”
Пан быў вельмі скупы, да зубоў;
Не было ў свеце большага скнары
(Мо таму дзеўкі з розных краёў
Не хацелі жыць з панам у пары…)
Дуркаватым ён быў, да мяжы:
Бо душу меў ад бога “зладзейку…”
Што Хрыстос яму той на крыжы?!
Лупцаваў бізуном за капейку:
“За бульбоўнік ідзі-заплаці!”
І вымаеш апошнія грошы…
Трэба ж неяк ісці па жыцці,
Плаціш, кажаш: “Паночку – харо-о-ошы!..”
Шкадаваў даць каня ці касы,
Не дапросішся восенню лісця;
Шкадаваў (хоць ты богам прасі!)
Снегу ўзімку, зямелькі з-пад кіпця…
Пан падумаў і кажа: “А-вой!..
А чаму ж ты, старая, не шэпчаш?
Трэба думаць крыху галавой;
І глядзіш, можа, целам акрэпнеш?!
Бяда-гора паўзуць, як вужы;
Зарабі і на хлеб, і да хлеба.
Пашапчы, трохі паваражы;
Будзе грошай і маку да неба!..”
“Я не ўмею, паночку, шаптаць…” –
Бабка слёзанькі сцерла нясмела.
“Варажы!” – пачало назаляць
Пану бабчына ўсё гэта “дзела”.
“Вой! не ўмею я і варажыць!” –
Бабка спужана вочанькі долу
Апусціла; стаіць і маўчыць…
Пан раптоўна дайшоў да прыколу…
“Ну, дык слухай, бабанька мая! –
Кажа пан; сам жа ледзь не рагоча. –
Ты мне будзеш адсюль як радня;
Навучу цябе шэптам прарочым!”
“Навучы! мой галубе-панок!..
Навучы! каб я ў свеце дарэмна
Не займала жыццёвы куток.
Мо хоць трошачкі стану патрэбна!..” –
Бабка свеціцца сіняй красой;
Вочкі сталі нібыта вазёры:
У якіх (вой!) адна за адной
Мыюць лебедзі белыя пёры…
Пан быў вельмі ахвочы да спраў,
Ад якіх, думаў, пахне лухтою…
Нахіліўся ён і зашаптаў,
Ледзь трымаючы смех за душою…
Бабцы ў вуха дыхнуў перагар:
“Як паклічуць цябе да нямогі,
Тройчы хукні ты хвораму ў твар;
І шапчы, і шапчы да знямогі:
Сіголаў жыў, сіголаў не;
Сіголаў жыў, сіголаў не;
Сіголаў жыў, сіголаў не;
Сіголаў жыў, сіголаў не…
Пашапчы гэтак трохі; ды дай
Яму выпіць вады (і ўсё дзіва!)
Хоць бы з гэтай бутэлькі; трымай! –
Пан падаў бабцы бутлю з-пад піва. –
Бяры смела бутэльку; дапіў! –
Пан раптоўна (ну, не па-зладзейску!)
За прыколам зусім падзабыў,
Што за бутлю здымаюць капейку. –
Так шапчы хоць да самай зары;
Варажы!.. Хворы – і ачуняе.
Калі ж – не... То сіголаў бяры
Яго сэрца!
Бо – чорт яго знае!..”
Тут раптоўна з нябёсаў сышлі
Гром з маланкаю: непадалёку
На зямлі запалілі камлі*…
Пан завыў, быццам бусел заклёкаў:
“На, бабулька!.. Бяры!.. Ну, хутчэй!..”
“Што?!” – старая глядзела няўмела;
Толькі слёзкі крыжамі з вачэй…
Пан нагамі дрыжэў на ўсё цела:
“Я хацеў іх пакінуць сабе…
Сёння ў друга ўзяў нейкія сшыткі я…
Бабка друга... З труной на чале!..
Іх табе адпісала… Вой! брыдкія!..” –
Пан пакідаў паперы на дол;
Як вар’ят паляцеў за кібіткаю:
Конь упудзіўся!.. Быццам арол
Звозіў мак ды аладкі з напіткамі
(Паляцеў пан, не чуючы ног:
Ні сваіх; і ні конскіх, тым болей;
Яшчэ доўга ён выў: нібы ў рог
Нехта дзьмуў над чыёйсьцею доляй…)
Бабка сшыткі знайшла на зямлі:
На цвілой і пажоўклай паперы,
Быццам слёзы, як вішні цвілі
Сонца ў крузе і сінія дзверы.
У сярэдзіне сонца было
Напісана чырвоненькім: “Шэпты”.
У бабулькі з душы адлягло:
“І чаго ён папёр, дурань гэты?
Што тут страшнага – ў кніжцы старой! –
Бабка позіркам светлым праводзіла
Ногі пана. – паночачку мой!
Дзякуй шчыры (хоць нейкі ты – боўдзіла!..)
Што бабульцы старой дапамог!..
Мо заробім мы з Мурзікам хлеба…
Барані цябе, пан, белы бог!” –
Бабка, крыж адаслаўшы да неба
(А таксама паночку наўслед!..)
Ціха ў хатку пайшла, – разглядаючы
Дзіва-дзіўнае – кніжачкі свет…
Бабка йшла, нешта ўслых напяваючы
(І луналі на твары яе,
Між глыбокіх маршчынак-разорак,
Радасць-шчасце – вясёлкаю ў сне;
Ды астральнай усмешкі пагорак…)
2
Вельмі скора (дзён, можа, праз тры)
Па ваколіцы пырскнула чутка,
Што ў дзярэўне, у нейкім двары,
Бабка лечыць усіх вельмі хутка…
Без праблемаў залечыць усё,
Тройчы хукнуўшы ў нос ці то ў вуха…
Стала клікаць старую сяло
Не інакш, як “бабулька-шаптуха”.
Так умее яна варажыць,
Што сяброўкаю нават з жывёлаю…
Калі нехта стаміўся ў жыцці,
Расквітнее вясёлкаю кволаю!..
Прыйдзе к бабцы якісьці паэт,
Плача: “Свет мне: абрыдлы, варожы!
Недзе лётаю ўсё між планет.
Ой, бабулечка!.. Мо паварожыш?!
Каб я трохі на хлеб зарабіў,
Не цураўся ніякай работы!..”
Бабка кажа: “Вой! сынку: падзіў
У цябе. Ну, дык скідвай жа боты;
Ды кладзіся на ложак (вох!-вох!)
Ці не мне, хлопчык, ведаць той голад?..
За “Падзівам” я?.. “Перапалох”
Пашапчу… Будзеш смелы, як волат:
Мужчына пад шапкаю,
Жанчына пад хусткаю,
Малец пад капялюшом,
Дзяўчына пад касою! –
А ты, Божа Мацер,
Прашу-малю,
Пасоб-памажы, –
Памілуй! –
Ідзі, паэтаў падзіў,
На сухі лес!..
Зараз, хлопчык, кашульку сваю
Задзірай: мне патрэбны жывоцік...
З хлеба, з мякішу, шарык зраблю,
Пашапчу; шарык з’есьць мілы коцік:
Качаю пярэпалах:
Бацькаў, мацярын,
Курыны, кашэчы,
Сабачы, чалавечы
І ўсякі!..
І з паэта сыдзі,
На сухі лес нападзі! –
А ты, Божа Мацер,
Прашу-малю,
Пасоб-памажы,
Памілуй! –
Ідзі, паэтаў пярэпалах,
На сухі лес!..”
Так пашэпча яна разы з тры;
Паплюе “цьфу!-цьфу!-цьфу!” недзе ўлева;
Дасць вады… І гарыць на гары:
І любоў, і надзея, і вера…
І паскача падбіты паэт
Зарабляць так патрэбныя грошы;
І забудзе палёт між планет:
Стане ўсім ён мужчына харошы…
Прыйдзе ціха кабета ў журбе.
Кажа: “Вой! нешта тузае ў шыі;
А яшчэ, мабыць, грыжа ў спіне?
Свет гарыць…” – “Чалавечак мой мілы! –
Кажа бабка. – Сядай! во, на ўслон!..
Пашапчу я “Ад зобу” і згіне…
Бог харошы: шкадуе нас ён…
Мо і грыжа, дай божа, пакіне:
На сінім небе ангелы гуляюць,
Прастолы засцілаюць;
Вальчыну душу ўспамінаюць,
З шыі зоб вынімаюць:
Ідзі на дрымучыя лясы,
На жоўтыя пяскі, –
Там ангелавы сёстры
Сталы засцілаюць
І з шыі зоб вынімаюць…”
Так пашэпча яна шэсць разоў;
Возьме нітку: абцягне, мой божа,
Тую шыйку; дванаццаць вузлоў
Вяжа-вяжа, варожа-варожа:
“На сінім небе ангелы гуляюць,
Прастолы засцілаюць;
Вальчыну душу ўспамінаюць,
З шыі зоб вынімаюць:
Ідзі на дрымучыя лясы,
На жоўтыя пяскі, –
Там ангелавы сёстры
Сталы засцілаюць
І з шыі зоб вынімаюць:
Радзімы-хадзімы,
Паўзучы-бягучы,
Сіні-ніцы,
Ветраны-вадзяны,
Унутраны-верхавы,
Урочны-малочны! –
Усе дванаццаць выгаварвайцеся,
На нітку завязвайцеся!.. –
А ты, Божа Мацер,
Прашу-малю,
Пасоб-памажы, –
Памілуй! –
Ідзі, Вальчын зоб,
На сухі лес!..”
Пасля кожнага, значыць, вузла
Сплюне ўлева (ну, так: тры разочкі!..)
Нітку тую ля хаткі (вугла!)
Закапае на ўсе дні і ночкі:
Каб жа нітка як зоб загніла!..
І ў жаночых вачах – смех і ціша!
Пойдзе з хаткі ў той свет да святла:
Згіне зоб і няшчасная грыжа…
Прыйдзе раптам жанчына ў слязах,
Мовіць: “Бабачка! Дапамажыце!..
Мой сыночак! мой любенькі птах
Зламаў спінку!..
Вой! можа, Мікіце
Вы майму дапаможаце як?..
Маёй любай крыві-перапёлачцы!..”
Бабка, ўзяўшы ўсе шэпты ў кулак,
Павадзіўшы рукой па іголачцы,
Едзе шпарка да хворага; там
Пачынае шаптаць “Ад удару”:
Тры разы; тры разы па губах
Водзіць хлопцу (і маці на пару!..)
Пасля кожнага разу здзьмухне;
Тры разы не забудзецца-сплюне…
Хлопчык, быццам жаўрук па вясне,
Засмяецца на ўсе цуда-грудзі.
“Сам Пан Бог ехаў на сівым кані:
Па сініх небясах,
Па высокіх гарах;
Конь спатыкнуўся,
Сам Пан Бог злякнуўся:
“Ідзі костачка ў костачку,
Жылка ў жылку,
Сасудка ў сасудку…” –
А ты, кроўка, ідзі,
Мікіткава цела не муці!
А ты, Божа Мацер,
Прашу-малю,
Пасоб-памажы, –
Памілуй! –
Ідзі, Мікіткаў удар,
На сухі лес!..”
…………………………………………
Павалілі да бабкі тае
І жанчыны, і хлопцы без ліку…
(Хто разумны, да бабкі вядзе
І кароўку: нібыта да быка).
Едуць нават з далёкай мяжы:
І нясуць, і вязуць ёй бясконца
Ежу, грошы… Ды хоць ты бяжы
Ад той смерці да сонейка-сонца!..
Жыве бабка цяпер як у сне:
Шэпча, моліцца, ціха прароча.
Голад – знік! – быццам у тумане…
Бабка больш паміраць і не хоча!..
3
А тым часам? Паехаў той пан
Не кудысьці, а на паляванне!..
Дзень халодны быў; пан, без заган,
За зайцамі ганяў да змяркання;
Ды крычаў на ўсё горла “Ату!”
Зграі верных сабак… Вось і села
Пану ў горле скула – на бяду:
Села так, што ссінела ўсё цела
(Гэта ж ведама, дзеткі: крычаць
Супраць ветру не трэба, не можна…
Сэрца богу паспеем аддаць;
Трэба йсці па жыцці асцярожна…)
Пану смерцю запахла ўсур’ёз…
Дактароў назбягалася розных…
З-пад Масквы нават нехта прывёз
Членаў-карэспандэнтаў сур’ёзных…
Дактары толькі віны жаруць…
І ніхто з іх не можа даць рады
Той скуле… Пан жа ўжо і дыхнуць
Не ўмее; адно шэпча: “Га-а-ады!..”
А скула ўжо і душыць яго…
Пана друг закрычаў:
“К чорту скруху!..
Трэба клікаць бабульку! І ўсё!..”
Пан жа, знаючы тую шаптуху
(Як ён некалі бабку вучыў
Варажыць) нават слухаць не хоча…
Грому пан аніяк не забыў:
“Бабка, мабыць, маланкай прароча?!” –
Пан адзіны варушыць запеў:
У мазгах (дзе адно толькі – сала!..)
Так цярпеў ён, няшчасны, цярпеў,
І, нарэшце, як моцы не стала,
Пагадзіўся бабульку пазваць…
Бабку мігам да пана прывезлі.
Пан ёй кажа: “Матулечка!.. Маць!..
Паміра-а-аю!.. Вой! дыхаю ледзьве!..”
Тут давай наша бабка ўсур’ёз,
Ледзь разуўшы ў дзвярах свае ногі,
Пану ў твар (зубы, горла і нос!)
Хукаць-хукаць, шаптаць да знямогі:
“Сіголаў жыў, сіголаў не;
Сіголаў жыў, сіголаў не;
Сіголаў жыў, сіголаў не;
Сіголаў жыў, сіголаў не…”
Як пачуў пан, што бабка пляце
Яму тое, чаму дзеля жарту
Ён яе навучыў па вясне?..
Усміхнуўся… Старая ж – знай карту
Раскладае сваю… Як казаў
Сам паночак: “Шапчы да знямогі!..”
Ажно смех пана апанаваў;
Хоць бяжы, не пазнаўшы дарогі!..
Бабка шэпча і шэпча – як след;
Гэтак шпарка, што нават здаецца,
Той сіголаў, гандляр ці паэт,
Зараз – тут! (ці ўлезе ў акенца?!):
“Сіголаў жыў, сіголаў не;
Сіголаў жыў, сіголаў не;
Сіголаў жыў, сіголаў не;
Сіголаў жыў, сіголаў не…”
Слухаў-слухаў бабулечку пан;
А затым раптам як зарагоча!..
Дык усе дактары (п’янню-п’янь!)
Працвярэзіліся – хто як хоча!..
Адзін доктар (ну, карэспандэнт!)
Заспяваў, быццам перад манархам:
“Божа! Бабку храні!.. Прэзідэнт
Наша бабка!.. Касандра з размахам!..”
А другі... (ну, таксама адтуль –
З-пад расейскай сталіцы!) заенчыў:
“Бабка! Бабка!.. Я – кругленькі нуль!..
Перад вамі!.. На сэрцы – парэнчы!*..”
Кожны доктар спяваў ці шаптаў
Хоць што-небудзь
(“Чаму?” – вы спытаеце…)
Проста ў пана, як зарагатаў,
Скула лопнула!.. (Вось вы і знаеце
Усю праўдачку, дзеткі… Скулы –
Там! у горле – ну? як не бывала!..)
Пан ачухаўся! Стаў, як радні,
Бабцы дзякаваць: “Адратава-а-ала
Ты, бабулька, ад смерці мяне!..
Значыць, лечыш ты – так; ад сустрэчы,
Як цябе я вучыў па вясне?”
“Так, паночку...” – ах! не па-старэчы
Засмяялася бабка; ў душы
Быццам ззяюць той мудрасці зліткі…
Пан падумаў і мовіць: “Скажы,
А дзе, бабка, падзела ты сшыткі?”
“Вой! Якія, паночку?!” – ў вачах
У бабулькі спакой; ды вазёры,
У якіх бусел – велічны птах –
Мые дзюбку і чорныя пёры…
“Сшыткі?! Тыя, што я табе даў!” –
Пан глядзіць падазрона-убога.
“Ах, вось тыя!.. Дык іх зруйнаваў
Гром з маланкай!.. Туды ім дарога!..
Так гарэлі, нібыта святло, –
Кажа бабка, – з нябёсаў шугала...”
“Ясна! – ў пана з душы адлягло. –
Тая кніжка мне нерваў нямала
Пакруціла… Ды чорт на яе!..
Слухай, бабка, тут чуткі гуляюць:
Ты – адгадваеш; праўда ці не?”
“Ды як прыйдзецца; ў небе ўсё знаюць…” –
Кажа бабка… Як за небакрай
Пану ў вочы глядзіць, ды лунае...
“Дык давай, – просіць пан, – адгадай,
Што душа мая зараз рашае?..”
Усміхнулася бабка сабе:
“Цябе, пане (даруй) шашаль точа:
Заплаціць мне за шэпты ці не?”
“А няхай цябе качка затопча! –
Пан рагоча. – ну, як жа! скажы?!
Ты даперла?!” – “Ды кожны ўгадае,
Хто жыве, мой панок, па душы! –
Бабка ўсмешкай бы сонейкам ззяе. –
Гэта, пане мой, кожны ўгадае,
Хто цябе хоць бы трошачкі знае…”
________________________________________________
* Камлі – стволы деревьев, – удакл. аўт.
** Парэнчы – надрезы, – удакл. аўт.