Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Музыкі

Вашая адзнака Нет Сярэдняя: 4.5 (17 галасы)

Жылі без залішніх турбот
Асёл, сабака, певень ды кот.
Умелі яны сябраваць:
Вернае слова сказаць;
Падзяліцца кавалкам хлеба;
Пабіць чужых, – калі трэба…
Так і жылі-не тужылі;
Бясстрашна дзядку служылі:
Асёл з далёкіх лясоў
Мог лёгка прывезці дроў;
Сабака, як і належыць,
Сцярог гаспадарскія вежы;
Певень, устаўшы ўранні,
Будзіў дзядка на світанні;
А кот – у цемры начэй! –
Лавіў у падпечку мышэй…
Ды беглі за годам год…
Здарыўся неяк няўрод:
Не ўрадзіла ні морква, ні рэдзька
(Дык і бульба ўзрасла вельмі рэдка…)
Каровы ж дзед не трымаў,
Занадта стары ўжо стаў:
Верце-не верце, дзядок
Сто трэці адзначыў гадок!..
Дый нашы сябры-героі
Ужо пастарэлі паволі.
А тут – няма чаго есці.
Таму, на самым прадвесні,
Здолелі рукі гаспадара
Выгнаць іх са двара.
Пайшлі яны ў свет сірочы,
Апусціўшы доланьку вочы…
Ды слязьмі, тою вадою,
Не заліць гора з бядою…
Сышліся ў чароўным лесе –
Сярод бярозак-алешын;
І пачалі меркаваць,
Як ім век дажываць…
Самы разумны – асёл! –
З гонарам, быццам вол,
Прапанаваў: “Давайце!..
Цішэй; не перабівайце!
Зробімся мы – музыкамі…”
Усе заскакалі з крыкамі:
Сабака раве: “Гаў-гаў!” –
Ажно ваўкоў напужаў.
Певень прысеў на суку,
Выцягвае: “Ку-ка-рэ-ку-у-у!”
І коцік не адстае:
“Мяў-мяў!” ды “Мур-мур!” пяе.
Асёл жа – надумаў маўчаць
(Тут трэба дакладней сказаць:
Чаму дарагія сябры
У лесе – не на двары –
Рашылі музыкай жыць;
І чаму той асёл маўчыць?..)
У дзядка ім – добра жылося;
Таму пець і не давялося...
Кожны ведаў сваю работу,
Працаваў да сёмага поту;
Калі ж іх прагнаў дзядок,
Сябрамі заняўся бог:
А што ім яшчэ рабіць,
Калі ні песняю жыць?!
Як ведама, певень ды кот –
Пацвердзіць і бусел, і крот –
Музыкі адвеку – з уроды
(Што значыцца – ад пароды!)
Сабака – таксама спявак:
Не ведаеш ты?.. Дзівак! –
Не толькі ён гаўкаць умее,
Як трэба – павыць сумее!..
Наконт жа асла? Скажу:
Вушастую тую душу
Гасподзь надзяліў спаўна
Толькі песняй: “Ій-а-а-а!..”
Але ж і асёл – музыка:
То ж ён (без крыку ды гіку!)
Думку тую падаў:
Каб кожны з іх заспяваў!..
На тым і рашылі сябры:
Да той альбо іншай пары
Спяваць, як умеюць, песні
(Тым больш, на самым прадвесні!..)
Па лесе, па роднай зямлі,
Пастроіўшыся, пайшлі:
Асёл, зразумела ж, першым:
Спрабуючы скласці вершы;
Сабака ступіў другім;
Трэцім – кот; а за ім –
Замыкаючы шчыльны рад,
Быццам які парад! –
Той, хто з даўніх часоў
(Ад казак сівых дзядоў!)
З касою свет спасцігаў:
Певень рад замыкаў!
Доўга ішлі ці не,
Аб тым невядома мне…
Аж бачаць: глыбока ў лесе
(Так, дружа мой, не на ўзлессі!)
Ад вока людскога схаваная,
Хата стаіць драўляная:
Навокал, ажно да зор,
Цёмны чарнее бор…
Спыніўся асёл-правадыр:
“Калі ўжо я – камандзір!
Слухай, мой верны атрад,
Першы рашучы загад:
Будзем спяваць!.. Давайце,
Усе на мяне сядайце:
Грымнем, аж да дубровы,
Песню роднае мовы!”
Разагнаўся сабака крыху,
Скакануў на спіну аслу;
Кот на сабаку ўзлез;
Аглядаючы пільна лес,
Певень лёгка ўзляцеў,
На коціка ціха прысеў…
Як грымнулі дружна спеў –
Ажно ўвесь лес задрыжэў!
Далей ад ліха-бяды
Пахаваліся хто-куды
Лясныя ўсе жыхары:
Хто ў норах, хто ў гушчары…
Прачнуўшыся ледзь ад сну,
Зноўку мядзведзь заснуў,
Смокчучы лапу нагі
(А трэба ж было б – рукі!..)
Ёкнуўшы сэрцам, змоўк
Пад поўняю шэры воўк;
Не чуваць на дрыгве кулікоў,
Сакавітай працы баброў;
Не шукае сабе жалудоў
Зграя дзікоў-кабаноў;
Не бачна нават лісіцы –
Той рыжай дзеўкі-хітрыцы…
Ціха ў лясной глушы:
Хоць вершы бяры-пішы!
Напалохаліся звяры...
Бо пелі нашы сябры
На розныя галасы:
Сапраны, альты, басы…
Ад дружнай іхняй злучальнасці
Змяшаліся ўсе танальнасці,
Якімі адзначыў свет
Сівенькі божанька-дзед…
“Ій-а! Ій-а!..”
“Гаў!-гаў!-гаў!..”
“Ку-ка-р-э-э-ку!..”
“Мяў!-мяў!-мяў!..”
Так падышлі да хаты.
Асёл, правадыр заўзяты,
Ціха шапнуў сябрам:
“Магчыма, гаспадарам
Была не чутна наша песня:
Гушчар расце вельмі цесна...
Дык грымнем на поўныя грудзі!
А там – што будзе, то й будзе…”
І – грымнулі! Што тут зрабілася?!
Ажно тая хата ўсхадзілася!..
А ў хаце жылі бандыты:
Народ – не зусім працавіты…
Прыйшлі яны з дальніх лясоў,
З усходніх чужых бароў,
Рабаваць беларускіх людзей
(На чужой старане – смялей…)
“Ій-а! Ій-а!..”
“Гаў!-гаў!-гаў!..”
“Ку-ка-рэ-э-э-ку!..”
“Мяў!-мяў!-мяў!..”
“Лес вушамі я мяту!..”
“Мне сяброўка – Поўня!..”
“Я – з касою ў свет іду!..”
“Мне – і леў не роўня!..”
Як пачулі той спеў бандыты,
Кожны ў горле адчуў ваніты*;
Папужаліся не на жарт:
Пакідалі вееры карт,
Ды кінуліся наўцёкі,
Адмяраючы дзіўныя крокі…
Адчыніў асёл дзверы:
Хата
Усялякім дабром багата!..
У вялізарнай дзяжы –
Да столі! – сала ляжыць;
З добры кулак рукі
Кілбасы вісяць; кумпякі…
Многа проса харошага,
Сена, аўса… А грошай?
Мо да сабачых калень!
(Ды гэта – на чорны дзень…)
Абрадавалася капэла!
Адчула сябе больш смела:
Шчасце! – што й ні кажы!
Паелі сябры ад душы;
Напіліся з крыніцы
Чыстай сцюдзёнай вадзіцы;
Ды дружна сказаўшы: “Дабранач!” –
Сталі ладзіцца нанач.
Першаму выпала зноўку аслу:
“Я – заўсёды на сметніку сплю;
Дык і сёння тут прымашчуся…
Я – і чорта на ім не баюся!”
“А я – звыкся спаць ля дзвярэй;
Хоць даўбешкай мяне агрэй, –
Азваўся сабака строга, –
Я – вартаўнік ад бога!”
Пазяхаючы ды прыкрываючы рот,
Падаў галасочак і кот:
“А мне месца – заўсёды на прыпечку;
Заўтра будзем гуляць – чую выпячку!”
“А я – прымайструюся пад страхой, –
Певень жэрдачку ўбачыў над галавой. –
Так спачывалі ва ўсе гады
Бацькі мае і дзяды…”
Размясціліся так, паснулі.
Раптоўна сябры адчулі,
Як не на жарт патаміліся...
А бандыты – ў лесе стаіліся!
Аб хатцы згубленай дбаюць;
Паціху сабе разважаюць:
Хто ж іх так напалохаў? –
Аж да “енкаў” ды “охаў!..”
Вырашаючы міг запаркі,
Пацягнулі сырыя запалкі;
Пасылаюць у хату бандыта:
“Ты ідзі, наш дружа Мікіта,
Наведай родныя сцены…
Каб не дрыжэлі калені,
На! пацягні гарэлкі…
Мо пасмялеюць зрэнкі…”
Падыходзіць бандыт да хаты…
Ціха ў двары. Стракаты
Месяц вісіць на небе;
Зоркі на чыстай глебе
У сузор’ях свабоды
Водзяць шляхі-карагоды…
Ды не бачыць бандыт хараства
(Не зляцела б з плеч галава!..)
Заходзіць у хату. Маўчок.
Ён з печы дастаў смалячок;
Ідзе асцярожна да прыпечка
(Ой! пахне мясная выпячка!)
Хоча агню пашукаць…
Аж бачыць: ярка блішчаць
Вугольчыкі два, з пятак!
“Вось, – думае, – верны знак!..”
Пацягнуўся да іх рукою…
А кот – хваць кіпцюрнёю! –
Ды як драпане чужака:
Залілася крывёю рука!..
Спужаўся, пабег “небарака”;
А тут ля дзвярэй сабака
Як хапане за сцягняк:
Зрабілася дзірка з кулак!..
“Ну? – ўздумаў бандыт, – паміраю!”
Ды бачыць: з левага краю
Ляціць нешта…
Як дзеўбане!
(То – пеўнік пацэліў: па мазгаўне!..)
Ледзь вылез бандыт на волю,
Асёл – як штурхне нагою!..
Тройчы ён перакуліўся…
Праз міг да сяброў далучыўся…
І – расказвае: “Хлопцы! Братва!..
Быў я ў нашай хаце… Бяда!..
Нейкая страшная сіла
Жытло наша засяліла…
Пачаў я вуглі шукаць,
А нехта з прыпечку – шасць
Мяне па руцэ нажом! –
Аж зоры ўбачыў кругом;
Кінуўся я ўцякаць
(Ды, мабыць, такая масць!..)
Ля парога мяне
Шабляй! ды па назе!..
А трэці, бы д’ябал які,
Вырваўся з-пад страхі,
Прабіў галаву кап’ём
(Ну, поўны, братва, садом!..)
Прарваўся неяк на двор
(Каб іх! – не бачна зор!..)
Думаю: “Ўсё!.. Свабода!”
Ды хтось, ля самага плота,
Даўбешкай мяне як стукнуў –
Ледзьве я не каюкнуў!..
Тройчы перакуліўся…
І вось – да вас далучыўся…
Прапала, братва, наша хата!..
У цякайма дамоў; ці на Захад!..”
Паўцякала бандыцкае гора,
Можа, нават за Чорнае мора…
Толькі хутка бандытаў злавілі;
Ды ў турмы ўсіх пасадзілі…
А музыкі?.. Асталяваліся,
Чысценька ў хаце прыбраліся:
Жывуць сабе, пажываюць
Ды ліха-бяды не знаюць.

________________________________________________
* Ваніты – тое, што вывяргаецца са страўніка пры
ванітаванні, рвоце, – удакл. аўт.