Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Людзей слухай, а свой розум май

Няма галасоў

Некалі жыў-пажываў
Дурнаваты адзін чалавек.
Між гаспадарчых спраў
Быў ён – калека з калек.
Бывала, дзень (альбо тры)
Ловіць ён сонца ў вадзе;
Ці возьме – з трэсак кары –
У хаце агонь раскладзе…
Захацелася неяк яму
Пайсці-схадзіць на кірмаш
(Сумна жыць аднаму…
“Жонкі ж... яе – няма ж!”)
Злавіў ён (тры дні лавіў!)
Белага пеўня – як снег.
Трохі над ім павыў,
Сціраючы слёзы з павек;
А ўранку – засунуў яго
За пазуху; ды пайшоў,
Думаючы “пра сваё”
(Ажно закіпала кроў!..)
Думае: “Пеўня – прадам,
Куплю – махоркі крыху!..”
Яшчэ не дайшоў (клянуся вам!)
Чалавек да таго кірмашу,
А тут ужо – глядзь! – і купцы
Сустракаюць яго…
Ён ім кажа: “Айцы!
Купляйце пеўня майго! –
І дастае (калека з калек!)
З-за пазухі свой тавар:
Белага пеўня, як снег. –
Певень – дзяшовы!.. Які навар?!
Дасцё мне махоркі крыху... І усё!
Са жменю… Ну, што? Па зубах?!”
Бачаць купцы: чалавек – ого-го-го! –
Разумны не па гадах!..
Паглядзелі на пеўня яны;
Ды кажуць гаспадару:
“Які ж гэта певень?.. Хіба ты – дурны?!
То ж – заяц!.. Пускай у нару
Яго, бедалагу… Да скону гадоў
Будзе ён
успамінаць,
Дзядзька, тваю Хрыстовую кроў!..
У бога!.. У дзеву-маць!..”
“Жартуюць, – думае дзядзька сабе, –
Ліха ім: тут і там!..”
Забраў ён пеўня, далей ідзе;
Мацнеюць крыкі ды гам.
“Значыцца, хутка кірмаш. Ыгы!” –
Вырашыў чалавек.
Прайшоў крыху... Другія купцы
Ляцяць – бы пеўні з-пад стрэх!
“Што прадаеш?.. Што прадаеш?!” –
Крычаць, з абодвух бакоў...
“Пеўня!.. Пеўня! Махры – даеш?!
Паўжмені!..” – дзядзька зароў.
Паглядзелі на пеўня купцы,
Адказваюць:
“Што за дзень?..
Бульбоўнік у іх – сена капцы…
Заяц – певень…
Ты – пень,
Дзядзька!.. Калода… Зруб!..
Які ж гэта певень?.. Глядзі!..
То ж – заяц!.. Вачыма – луп!-луп!..
Не лупаюць пеўні вачмі!..”
Прыгледзеўся лепш чалавек
І сам да пеўня свайго:
“А можа – і заяц?.. У гэты век
Не ведама, што да чаго…
“Не вер вачам”, – так людзі гудуць;
Відаць, і праўда (дальбог!)
Калі ўсе вакол бы ў бубен б’юць…
Заяц – без пары ног…”
Прыйшоў ён на самы кірмаш.
Людзей там – пчаліны рой!..
Масла на хлеб намаж –
Пхнуць у гразь (ці то ў гной!)
Не паспееш куснуць
Скібкі той дарагой!..
Там – у патэльні б’юць;
Тут – ля крамы другой! –
Косамі звоняць…
Усе,
Кожны на ўласны гам,
Клічуць (не па чарзе!)
Пакупнікоў… Бедлам!
Гоманы – “Эх!” ды “У-ух!” –
Гудуць па ўсім кірмашы…
Ледзь чалавек не аглух:
Хоць ты дамоў бяжы!
Ачухаўся дзядзька крыху?
І сам
Пачаў распяваць-крычаць:
“За-а-аяц! За-а-аяц!.. За гро-о-ош адд-ам!
Трэба зайцо-о-оў купляць!..”
На таннае што – і разумны гад.
Збегся кірмаш чарадой.
Дзівяцца бабы: “Свят!-свят!-свят!..
Певень у вас пад рукой!..”
Ды чалавек стаіць на сваім:
“Заяц!.. Я зайца прынёс!..”
Хлопцы – жартуюць: пускаючы дым
Хто з люлек, хто з папярос:
“Дзядзька – праўду кажа!.. А то?!
Беленькі заяц!.. Так!..
То-о-оўсты… Носа ўжо не відно!..
Раз’еўся ў лесе, лайдак!..”
Тут ужо бедненькі дзядзька наш
Зусім паверыў, да слёз,
Што сёння ён на гэты кірмаш
Не пеўня, а зайца прынёс…
І калі хто, падыйшоўшы купцом,
На зайца “певень” казаў,
Ледзь нават – не кулаком
Яго чалавек частаваў…
Хадзіў ён, хадзіў ён па кірмашы
З пеўнем; і ўсё (няўзнак!)
Здавалася дзядзьку – да дна душы! –
Што гэта – заяц-бяляк…
Ды – надакучыла (ледзь не да лап!)
Пеўню з мужчынам цягацца.
Сонца садзіцца… Пара! пара б
На седала ўжо збірацца!..
Залопаў ён крыламі: маш!-маш!-маш! –
Ды, ўзняўшы адну “нагу”,
Як закрычыць на ўвесь кірмаш:
“Кхэ-э-э!.. Кук-ка-рэку-у-у!”
Пачуўшы гэта, наш чалавек
Зусім з панталыку збіўся:
“Заяц?.. А пеўнем спявае!..” (Здзек!..
Вось так… Хоць бы – напіўся!)
Выкінуў пеўня ён – проста ў гразь!
Плюнуў пад ногі з палёгкаю;
Ды як пайшоў да хаты часаць!..
(Я толькі – зайздрошчу-крохкаю!..)
Праўду кажуць: дурань не той,
Каго вы дурнем назвалі;
А той, хто сэрцам чужым (душой!)
Свае разглядае далі…
Хто чужым розумам
Бачыць-жыве,
У таго –
глупства
Адно ў галаве…
Як хочаш,
Гэтую казку прымай!..
Мяне –
слухай,
А свой розум –
май!