Курка-рабка
Жыў сабе дзед, жыла бабка;
І была ў іх курачка-рабка.
Нанесла курка яечак –
Аж повен-поўны падпечак!
Ды нешта бабка старая,
Бы дзеўка тая малая,
Сабрала іх
у чарапіцу,
Паставіла на паліцу…
А тут, аднекуль са склепа,
Шукаючы лусту хлеба,
Выбегла шэрая мышка,
Белая грудка-манішка;
Хвосцікам як махнула –
Яйкі бы ветрам здзьмула:
Упалі яечкі ніцма, –
Пабілася чарапіца…
Плача дзядок, плача бабка;
Курачка нема кудахча;
Вароты равуць-скрыпяць, –
Аж трэскі ў бакі ляцяць;
Сарокі трашчаць-балбочуць;
Гусі крычаць-лапочуць;
Сабакі шалёна брэшуць:
Быццам лязом іх рэжуць…
Ну хоць бы хто-небудзь змоўк!..
Ідзе міма шэры воўк…
Пытае: “Дзядочак! Бабка!..
Гэй, ты! курачка-рабка!..
Чаго вы плачаце? Божа!..
Не трэба раўці! Нягожа!..
Майце вы розум!..”
А бабка:
“Ваўчок мой! шэрая лапка!..
Была ў нас курачка-рабка;
Нанесла курка яечак
Аж повен-поўны падпечак!..
У!-гу-у-у! Я – баба старая!
(Бы дзеўка тая дурная!)
Сабрала іх
у чарапіцу,
Паставіла на паліцу…
А тут, аднекуль са склепа,
Шукаючы, мабыць, хлеба,
Выбегла шэрая мышка,
Белая грудка-манішка;
Хвосцікам як махнула –
Яйкі бы ветрам здзьмула:
Упалі яечкі ніцма, –
Пабілася чарапіца!..”
Паслухаў бабульку воўк;
Узяў... ды і сам зароў!
Толькі развыўся ледзь,
Бачыць: пляцецца мядзведзь.
Падыйшоў мядзведзь да ваўка,
Паглядзеў на яго з-пад ілба;
Прыладзіўся даць тумака…
Ды воўк апярэдзіў: “Ба-а-а!
Мядзведзь! Паслухай спярша!..”
“Расказвай, воўча душа,
Чаго ты разявіў рот,
Развыўся нібыта чорт?..
Калі ты равеш без прычыны,
Не сабраць табе костак-гліны!..
Не жыць табе, воўк, не жыць…”
“Ды як мне, мядзведзь, не выць?! –
Кажа спужаны воўк
(А сам усё слінаю – “коўк!”) –
Жылі сабе дзед і бабка;
Была ў іх курачка-рабка;
Нанесла курка яечак
Аж повен-поўны падпечак!..
Ды нешта бабка старая,
Бы дзеванька маладая,
Сабрала іх
у чарапіцу,
Паставіла на паліцу…
А тут, аднекуль са склепа,
Шукаючы, здэцца, хлеба,
Выбегла шэрая мышка,
Белая грудка-манішка;
Хвосцікам як махнула –
Яйкі бы ветрам здзьмула:
Упалі яечкі ніцма, –
Пабілася чарапіца!..
Плача – дзядок (з ім – бабка!)
Курачка нема кудахча;
Вароты равуць-скрыпяць, –
Аж трэскі ў бакі ляцяць;
Сарокі трашчаць-балбочуць;
Гусі крычаць-лапочуць;
Сабакі шалёна брэшуць:
Быццам ваўкі іх рэжуць!..
І я з усімі шалею!..
Ды гаўкаць-брахаць не ўмею;
Ніхто мяне
не навучыў;
Таму – я ўзяў ды завыў!..”
Прыкінуў мядзведзь свой узрост;
Ды адарваў сабе хвост…