Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Коцік, пеўнік і лісіца

Вашая адзнака Нет Сярэдняя: 3.6 (21 голас)

Слухайце, дзеткі, казку маю:
Некалькі тысячагоддзяў таму,
Аблюбаваўшы хлеўнік,
Жылі-былі коцік і пеўнік…
Добра жылі, не тужылі;
Дружна жыццё любілі!..
Коцік – на паляванне хадзіў;
А пеўнік – дома абед варыў,
Хатку чысценька падмятаў,
Песні весела распяваў.
Аднойчы пайшоў коцік-каток
На паляванне ў бліжні лясок…
А пеўнік – ад гора-халеры
За ім зачыніўшы дзверы –
Пачаў паціху абед варыць.
А тут... Аднекуль лісіца бяжыць!
Убачыла ліска хатку,
Агледзелася для парадку;
Падскочыла да акенца
І, пачасаўшы каленца,
Пытае: “Хто тут гаспадар?!
Муха, мядзведзь ці камар?..”
“Я!” – кажа пеўнік мужна...
“Пусці мяне ў хатку, дру-у-ужа!” –
Просіцца ціха лісіца…
“Чаго табе не сядзіцца, –
Пытае пеўнічак, – дома?”
“Ой! узяла мяне стома!
Была я ў гасцях, ля рэчкі, –
Лісіца ў адказ, – у авечкі!..
Пусці адпачыць з дарогі!”
“Заходзь!” – кажа пеўнік строгі.
“Дадому ісці не блізка, –
Скардзіцца хітрая ліска,
Заходзячы стомлена ў хатку. –
Які ж ты, пеўнік, мой братку,
Добранькі!” – кажа ліска.
А пеўнік: “Вось! збожжа міска!..” –
Пачаў частаваць лісіцу…
А тая – цап! – у спадніцу! –
Панесла пеўня дадому
(Забылася нават на стому!..)
Певень – у пастцы-спадніцы –
Пачаў, як мог, галасіці:
“Коце, браце!
Мяне ліска нясе
У высокія горы,
У глыбокія норы,
Па барах, па карчах,
Аж бярэ мяне страх!..”
Пачуў пеўніка коцік!..
Бо ён, пярэсты жывоцік,
Адышоў недалёка ад хлеўніка…
Прыбег, адабраў кот пеўніка
У хітрай рыжай лісіцы
(Пачасаўшы кіпці-нажніцы!..)
Завёў пеўніка ў хатку:
“Не знаеш ты, браце, парадку, –
Кажа каток. – Лісіца
Хацела табой пажывіцца!..
Заўтра, як брызне ранне,
Пайду я на паляванне
Далей… Магу не пачуць
Твой крык… Таму, браце, будзь
Уважлівым…
Словам: глядзі ж!
Сядзі ў нашай хатцы бы мыш;
Не пускай тую ліску ў хлеўнік!”
“Не пушчу!” – кажа спужаны пеўнік…
І сябры, перастаўшы казаць,
Пачалі ладзіцца спаць…
Назаўтра, ледзь брызнула ранне,
Пайшоў кот на паляванне.
А лісіца... Ну, тут як тут!
Зноўку ўводзіць пеўніка ў блуд:
“А пеўнічак, мой галубочак!
А разумненькі мой лабочак!
Стамілася я без меры…
Адчыні, мой пеўнічак, дзверы!”
А пеўнік сур’ёзна: “Не-е-е!
Не падманеш ты больш мяне!”
“Ой, божа! Што ж мне рабіць? –
Плача ліска. – Як далей жыць?!”
“Што з табой? – пеўнік цікавіцца. –
Няўжо табе так паміраецца?”
“Ай!-ай!.. Хіба ж я маню?..
Пазыч мне, пеўнік, агню!..” –
Просіць ліска (нібы ў журбе!)
“Хм!.. Агню?.. Навошта табе?” –
Пытаецца ў ліскі певень
(Пачасаўшы прыгожы грэбень!..)
“Як “навошта?..” У печы паліць!” –
Не пакінула ліска зманіць.
“Не адчыню! – кажа пеўнік. –
Ты зноў уварвешся ў хлеўнік
І схопіш мяне…” – “Ды не-е-е!
Больш не буду хапаць цябе!..
Хрышчуся-малюся!.. Во! крыж! –
Ліска трошкі паслухала ціш. –
Нават (глянь!) прыламіла каленца!”
“Бачу! – певень глядзіць у акенца. –
Заходзь…”
Адчыніў ён дзверы!
“Ой, цяжка жывецца без веры!” –
Кажа хітра лісіца…
І зноўку – цап! – у спадніцу! –
Панесла пеўня дадому
(Праз шляхі буралому…)
Певень – у пастцы-спадніцы –
Ізноў пачаў галасіці:
“Коце, браце!
Мяне ліска нясе
У высокія горы,
У глыбокія норы,
Па барах, па карчах,
Аж бярэ мяне страх!..”
Добра, што верны коцік
(Коцік – пярэсты жывоцік!)
Адышоў недалёка ад хлеўніка…
Прыбег, адабраў кот пеўніка
У надта хітрай лісіцы, –
Пачасаўшы кіпці-нажніцы;
Прывёў пеўня дадому:
“Яшчэ раз кажу, бы малому, –
Мовіць пеўніку кот. –
Не будзь ты дурны як бот!
Вазьмі, запішы на паперы:
“Не адчыняць ёй дзверы!
Ёй! – хітрай лісіцы!..”
Будзеш ізноў у спадніцы!..
А я цябе ўжо не пачую:
Бо мушу ў вандроўку другую
Я заўтра ісці; далёка –
У лес, што не бачыць вока
(Нешта ў нашых лясах
Звёўся – і дзік, і птах…)
Я далёка іду паляваць;
Не змагу цябе чуць-адабраць
У гэтай рыжай блудніцы,
Зеленавокай лісіцы…
І гэта, браток, не лухта:
Адчыніш ёй – будзе бяда!”
“Не! – кажа пеўнік сур’ёзна
(А сам – так глядзіць пагрозна!) –
Больш я гэтай зладзейцы
Не адчыню!..” – “Во! лейцы! –
Кажа каток. – Навяжы
Вузлоў на дзвярах: бы вужы,
Лейцы будуць пужаць,
Ад дзвярэй цябе адганяць…”
Назаўтра, ледзь брызнула ранне,
Пайшоў кот на паляванне
У дальнія дужа лясы…
Ох! як жа марудна часы
Бягуць для нашага пеўніка?
Адзін ён у сценах хлеўніка!..
Хоць хто-небудзь слова б сказаў!..
(А вузлоў-такі – навязаў!..)
Пад вечар, каля дзевяці
(А можа – і дзесяці...)
Як стала сонца садзіцца,
Прыбегла блудніца-лісіца;
І, хвастом віляючы, ціха
Распачала сваё ліха:
“Пеўнічак! мой галубочак!
Разумненькі мой лабочак!
Я міма ішла; незнарок!..
Дай мне адзін вугалёк!”
“Не! – кажа пеўнік. – не!
Калі судзіць па мане
Учарашняй тваёй,
З табою – адно неспакой!..
Не адчыню табе дзверы!”
“Хіба ж я прашу той веры?! –
Кажа лісіца лісліва. –
Праз акенца (вось і ўсё дзіва!)
Мне вугалёчак падай…”
“Праз акенца?.. Можна…
Трымай
Свой вугалёк!..” – кажа пеўнік
(Забыўся пра дзверы! і хлеўнік!..)
Адчыніў вакно…
А лісіца –
Цап! – ізноў у спадніцу! –
Панесла пеўня дадому
(Пад жахі маланак і грому!..)
Певень – у пастцы-спадніцы –
Пачаў, як бык, галасіці:
“Коце, браце!
Мяне ліска нясе
У высокія горы,
У глыбокія норы,
Па барах, па карчах,
Аж бярэ мяне страх!..”
Доўга пеўнік крычаў…
Ды толькі – дождж шапатаў
Па кронах таполь-бяроз…
Бо лёс палявання занёс
Каточка далёка-далёка:
У лес, што не бачыць вока…
Прыбегла лісіца дахаты.
“Глядзіце! Во! пеўнік смаркаты! –
Крыкнула сваім дочкам. –
Пакуль я схаджу за сыночкам
(Ды склічу другіх гасцей!)
Вы, дзеці (от, дочкі! – смялей!..)
Пачынайце ў печы паліць,
З пеўня крупнік варыць!”
Ды пабегла гасцей склікаць…
А тым часам? Кот паляваць
Закончыў. Вярнуўся да хлеўніка.
Глядзіць: няма яго пеўніка…
“Мабыць, яго ізноў
Ухапіла лісіца; дамоў
Завалакла... Як тут быць? –
Падумаў кот. – Мне ж? Не жыць
Без свайго сябрука…
Пайду ратаваць блазнюка!..”
Узяў ён, крыху басістую,
Скрыпачку галасістую;
Пайшоў праз возера (ўброд)
Да ліскі. Сеў ля варот
І, ціха струны кранаючы,
Зайграў, прыпяваючы:
“Тылі-тылі, скрыпіца,
Тут сядзела лісіца.
А ў лісіцы
Новы двор,
Сем дачушак
На выбор.
Восьмы пеўнік, –
Гэта мой!..”
А ўжо набліжалася ночка…
Пачулі лісіцыны дочкі
Надта прыгожыя песні,
Цвітуць – бы лён на прадвесні!..
Кажуць адна адной:
“Хто там прыйшоў з дудой?..”
“Не з дудой, а са скрыпкай!..”
“Ах! пад музыку б – рыбкай
Добра паласавацца!..”
“От ты! красуня – цаца!
Рыбкі ёй захацелася!..”
“А я б – малаком пад’елася…”
“Нішто ў голад не замінае…”
“Паслухайце, як іграе! –
Крыкнула лісянятка
Сёмае, бы дзіцятка. –
Бяжым-паглядзім!..”
– “Бяжым!..”
“Не жыць жа мясам адным!..”
“Трэба – і музыкай жыць!..”
“Паспеем пеўня зварыць!..”
Выбеглі дочкі лісіцы на двор:
Сем дачушак – усе на выбор!..
(Коцік – усіх зачараваў!..)
Пеўнік жа? Певень –
ён – не драмаў!..
Выскачыў ціха з лісіцынай хаты,
Пабег за катком…
А Месяц стракаты*
Указваў дарогу дадому ім:
Пеўню, катку – сябрам дарагім!
…А ліса? Засталася ні з чым.

________________________________________________
* Стракаты – такі, паверхня якога пакрыта ўзорамі,
палосамі, плямамі розных колераў; рознакаляровы, –
удакл. аўт.