Хвост ды грыва
1
Быў у бацькі сын Хвядос.
Йшлі гады. Сыночак рос.
Толькі вывучыў ён словы,
Глядзь – жаніцца ўжо гатовы!
(Не схавацца ад жуды:
Мілямі ідуць гады!..
Ледзь аформілі ў садок,
Не агледзеўся – парог! –
Школа дзверы адчыняе…
Годы-годы!.. Хто вас знае?!
А як скончыш інстытут –
Праца-праца… там і тут!..)
Што ж? Рашыў, як мае быць,
Бацька сына ажаніць...
Сам паехаў дзеўку сватаць
(У сваты – яно! – не плакаць…)
Ну а сыну, ад балды,
Загадаў сушыць снапы…
Як пайшоў сынок Хвядос,
Выціраючы свой нос,
Значыцца, сушыць снапочкі?..
Не спазнаў свае гадочкі;
Дык сушылку – і спаліў
(Вось жа бацьку “падсабіў!..”)
Тут і сонца ўстала зноў.
Едзе бацька са сватоў…
Будзіць сына: “Хопіць! досыць
Спаць! мой міленькі Хвядосе!
Пойдзем, браце, малаціць…
Прывыкай работай жыць!”
Не расплюшчыўшы вачэй,
Сын адказвае: “Лягчэ-э-эй!..
Не піхайся, мой ты татку…
Справы нашы – не ў парадку…
Не было б у нас бяды –
Пагарэлі ўсе цапы…”
“Пагарэлі?! Вой-вой-вой!..
Што ты кажаш, сынку мой?!
Хутка танчыць на вяселлі…
А! у нас – цапы згарэлі!..
Як?! Што здарылася! сын?
Бацька ж у цябе – адзін!..”
Ускудлачаны, як чорт;
Разяўляючы ледзь рот,
Вымавіў Хвядос нясмела:
“Гэта!.. як?.. яна згарэла!..
Ну... сушылка! З ёю ўміг?..
І цапы… да ўсіх вярыг!..”
Бацька дзень пабедаваў…
Ды Хвядосу – дараваў:
Сын ёсць сын – на ўсе стагоддзі…
Бацька думае: ў народзе
Кажуць: “Сына ажані –
Пусціць розум карані!..”
2
Хоць ты голубам ляці,
Жыць – не поле перайсці…
Бацька адаслаў Хвядоса
Да папа на споведзь: “Носа, –
Кажа, – там не задзірай!
Болей – слухай… Ну, давай!..”
Сын прыпёрся да папа.
Пуза ў бацюшкі – вуга-а-а! –
Павалюся-пакачуся,
Нібы сонцам абярнуся!..
(Ці-то – поўняй!.. Словам, поп –
Тоўсты-круглы… Быццам – сноп!
Каб хацеў, відаць, не змог
Ён убачыць родных ног!..)
Поп спытаў: “Рашыў жаніцца?”
“Так! Жаніцца – не журыцца!” –
Кажа весела Хвядос
(Моцна снекаючы нос…)
Паглядзеў сур’ёзна поп,
Запытаў, паскробшы лоб:
“А ці знаеш ты пацеры?”
“Не! дай, божухна, ім веры! –
Кажа хлопец; бы ў журбе. –
А вось ёсьцека ў мяне
Меншы, сарамлівы, брат...
Дык ён, бацюшка, як гад
На пацеры: паспаліты
На ўсялякія малітвы!..
Рад маліцца і ў начы!..
Хоць ты “Каравул!” крычы…”
Узлаваўся моцна поп,
Хлопца за каўнер загроб;
І хацеў (без дай прычыны!)
Шлюб... адрэзаць да дзяўчыны
(Толькі споведзь – заўважай! –
Завядзе! у шлюбны рай!)
Хлопца поп хацеў прагнаць…
Ды прыкмеціў (“Божа! Маць!..”)
Да дзвярэй той адступае,
Нешта – пад крысом трымае!
(Добра так яно тырчыць…
“Мабыць, нейкія харчы!..”)
Поп уміг палагаднеў;
Распачаў – другі запеў:
“Што гэта ў цябе, раб божы?..
Мо, дамовімся як?..” – “Можа! –
Кажа весела Хвядос, –
Я гасцінца тут прынёс...”
“Ваў! Якога?!” – у папа
Пуза, ногі, барада
Задрыжэлі-загулялі –
Бы на моры цуда-хвалі…
“Ды патроху жывіны!
Ды патроху збажыны!” –
І Хвядос (нібы рабом!)
Палажыў перад папом
Курыцу, вянок цыбулі…
Бацюшку – нібы раздзьмулі! –
Радасцю!.. (яны – багі!..)
Круглы стаў ва ўсе бакі!
“Добра, – кажа хлопцу поп. –
Толькі зараз (бачыць бог!)
Спавядаць цябе не буду:
Думкі ў галаве – па пуду…
Позна, сёння я прыстаў:
Дзесяць душаў спавядаў!..
Вось што, хлопча дарагі,
Я табе скажу: бяры
Ты з хлява маю кабылу;
І на поўненькую сілу
Едзь ты з ёю на начлег...
Так – заўжды: ад веку век…
Заўтра ж я (хоць давідна!)
Разлічусь з табой спаўна:
Адпушчу табе грахі
Ад зубоў і да нагі…”
3
Вось і ранак узышоў.
Да папа Хвядос прыйшоў
(Вой?.. надзьмуўся! – у знямозе…
І стаіць на ім, – парозе…
Божа! Што тут, да чаго?!)
Поп пытаецца ў яго:
“Ты чаго-ета, Хвядос,
Так надзьмуўся?.. Вышай нос!
Хутка будзеш ты жаніцца;
Дзеўка – краля-галубіца!
Я ўжо абвянчаю вас!..”
А Хвядос яму ў адказ:
“Ранавата, мабыць, мне
Шлюбавацца; па вясне…
Бацюшка! І ты б надзьмуўся,
Каб у ночы скалануўся:
На начлезе тым пабыў…”
Поп?.. нібы імя забыў!
“Што ж такое там было?
Хто цябе спужаў?.. Ці што?!” –
Поп прамовіў цераз сілу.
“Што было? Тваю кабылу, –
Кажа хлопец, – ля ракі
Укусілі…” – “Хто?!” – “Ваўкі...”
“Як гэта “ўкусілі?!” Вой! –
Поп трасецца барадой. –
Ну? кажы! Ці будзе жыва?..”
“Дзе там? бацюшка ты мой! –
Хлопец круціць галавой. –
Засталіся хвост ды грыва…”
Поп – нібыта! – абамлеў…
Спавядаць яго ж хацеў…