Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Казка пра дзеда і бабку ды мілую курачку Рабку

Вашая адзнака Нет Сярэдняя: 3.1 (10 галасы)

Жылі сабе дзед і бабка
І была ў іх курачка Рабка.
Нічога старыя не мелі
З таго, што ў жыцці хацелі:
Ні дзетак, ні ўнукаў ім
Гасподзь не пакінуў саўсім.
Толькі ў двары чутно:
“Ку-дах!-тах-тах! Ко-ко-ко!”
Жылі яны так, жылі;
І ўрэшце на дні прыплылі:
Не стала чаго варыць.
А неяк жа трэба жыць!
Жывая душа ў труну
Не ляжа… Каб хоць вайну
Мусіў гасподзь паслаць, –
Не страшна было б канаць.
Вось кажа бабульцы дзед:
“Які ж ён няроўны – свет!
Ну, што нам з табою рабіць?
Хіба што яе забіць, –
Нашу курачку Рабку,
Тоўсценькую чубатку?!
Не з голаду ж нам паміраць…
Хоць разам мы дзвесце пяць
Гадочкаў і пражылі,
А так паміраць – не з рукі…
Бог знае, што будзе далей.
А зараз, бабулька, – смялей! –
Сячы ты ёй галаву
Ды навары крупняку:
Тлустых яе сцягнякоў
Хопіць на колькі разоў…”
Замахала бабулька рукамі:
“Гэта што-ета? Што-ета з вамі,
Малады чалавек, утварылася?”
Тут у дзеда ўжо сэрца ўсхадзілася:
“Бог з табою! Ты што – звар’яцела?!”
“Так! Каханенькі, я – ашалела!”
Дзед пачухаў віхор галавы:
“Ты чаго-ета, бабка, – “на вы?..”
“А “таго!” – раскрычалася бабка, –
Толькі – й шчасця ў мяне, што чубатка!
Маёй міленькай Рабкі-касаткі
За даляры, рублі (ці то маркі!)
На загубу табе не аддам,
Хоць пілуй ты мяне папалам!..
Лепш мы будзем з табою галодныя,
Але куркіны крылкі лагодныя
Не дазволю адсекчы-зварыць!”
“Вось такая, значыцца, жысць”. –
Дзед падумаў; пачухаў віхор…
Сплюнуў, тупнуў, выйшаў у двор.
Самасаду дастаў – з каранямі;
Закурыў-усміхнуўся… Ён днямі
Ўспамінаў даражэнькае штосьці
З непаўторнай сваёй маладосці:
Як ён з бабкаю неяк кахаўся;
Аж да пеўняў гуляў-заляцаўся;
На ігрышчах з хлопцамі біўся, –
Бо з каханаю сэрцам злучыўся…
Песні пеў, не шкадуючы лёгкіх,
Хоць навука была і не з лёгкіх
Спасцігаць тую самую дудку…
Дзед ізноў закурыў самакрутку;
Зацягнуўся жадзёна-спакусна:
На старэнькіх маршчыністых вуснах
Засвяцілася ціхая ўсмешка –
Бы да бога празрыстая сцежка…
Дзед успомніў, як ён спрабаваў
Быць пісьменнікам, вершы пісаў:
Пасля той альбо іншае ночкі
Мармытаў сабе гукі-радочкі!..
Тут у дзеда стаў твар пурпурным;
Бровы-дугі сышліся пахмурна;
І ў блакітных вачах пацямнелых
Цень мінулых агеньчыкаў смелых
Заіскрыўся; успыхнуў пажар:
Дзед успомніў, як неяк, – ваяр! –
Ён збіраўся ў апошні паход;
Дзеду йшоў тады соценны год…
Была зноўку вайна з маскалямі,
З тымі чорнымі чужакамі:
Як умелі яны абылгаць;
Біць пад сэрца; дзяўчат абражаць;
Піць свінячую брудную кроў;
Есці брыдкае мяса тхароў;
Даць на лапу любому чыноўніку:
Прэзідэнту, міністру, палкоўніку;
Падхалімнічаць; вершы паліць;
А затым – нізавошта забіць!..
Толькі – вельмі стаміўся народ;
Да таго ж яшчэ – з году на год
Насцігаў яго неўмалот;
Абціраючы з твараў пот,
Падымаліся людзі з калень, –
Каб свабодны наблізіўся дзень…
Мужна біліся восем сыноў,
Восем дзедавых вояў-дубоў;
Тры дачушкі на трох франтах
(На дзявочых сваіх плячах!)
Выносілі хлопцаў з палёў;
Чатырнаццаць унукаў-дубкоў
Мусіў дзед адпусціць ваяваць…
Калі ж – трохі пачаў затухаць
Дух вялікай свабоднай вайны,
Апынуўся – й дзед на кані!
Закіпела ў старога кроў:
Дваццаць пяць на кладах крыжоў
Зачарнелі ў калядныя дні;
Дочкі-ўнукі, асілкі-сыны, –
Ўсе загінулі за народ!..
Тут і выкапаў дзед кулямёт;
Дудку мілую зняў са сцяны –
І пайшоў па сцяжынах вайны.
Смела кідаўся ў пекла баёў:
Ціха-моўчкі, без лішніх слоў;
Дзе б ні быў ён, усюды іграў,
Песні вольныя дужа спяваў.
І – выгнаў народ маскалёў!..
Дзед успомніў забітых сяброў…
Ды аднекуль, злева ад хаткі,
Закудахтаў голас чубаткі.
Праз хвіліну яна, – бы пава,
Што выходзіла з пены жвава! –
Выплыла з-за вугла…
З вока дзеда сляза пацякла:
“А курка ў нас, праўда, харошая;
І чысценькая, і прыгожая, –
Падумалася дзядку. –
Ну, як тут падняць руку
Адсекчы ёй галаву?..
Лепей я зноў закуру!..
Ах! як яе пер’е блішчыць,
На сонейку зіхаціць,
Быццам убор які!..
Не! Не падняць мне рукі…”
Смеючыся ды крэхчучы годна,
Дзед раптоўна – зусім бестурботна! –
Паказаў сваёй курцы язык
(Мабыць, здарыўся з дзедам бзык!..
Ды бяда гэта – не зараза…)
Накурыўшыся з трэцяга разу;
Ды падняўшы віхор (для парадку!)
Дзед вярнуўся да бабкі ў хатку.
Бабка ціха ў акно глядзела.
Дзед, кашляючы, рушыў нясмела…
Прытуліў да грудзей сваю бабку:
“Зараз бачыў я нашую Рабку…
Ходзіць, важная, па двары!..”
“Што ты вырашыў, мой стары?” –
Бабка ўзняла гаротныя вочы.
Дзед абняў яе сэрцам ахвочым:
“А-а-а! няхай сабе пагуляе!
Мо яшчэ куранятак прыдбае?..”
“Дык жа пеўня ў яе няма!..
Што нам, дзед, спадзявацца дарма?” –
Бабка выцерла слёзкі насоўкай.
Дзед абняў яе за галоўку;
Стаў пяшчотныя словы шаптаць…
“От! давай лепш у “дурня” гуляць!..”
Дзед пачаў тасаваць калоду.
Гэта ж ведама: год ад году
Пад старасць усе старыя –
Бы дзетачкі тыя малыя!
Іх трэба як след даглядаць,
Пацешыць, гарбаты падаць;
А часам, да самай зарніцы,
Наладжваць ім вечарніцы…
Ды старыя родных не мелі.
Таму – проста за стол прыселі,
Каб трохі ў “дурня” згуляць.
Але!.. дзед пачаў махляваць:
То дзве карты ўпадуць на падлогу
(“Вось жа бог утварыў нябогу!..”)
То, тасуючы карты памалу,
Сабе скіне казырную даму…
Толькі бабка сачыла ўважліва,
Наракаючы дзеда паблажліва:
“Чым ты б’еш маю карту, пень?!
Хіба ж ноч на двары – не дзень!..
На! вазьмі акуляры…” – “Не трэба... –
Дзед узняў свае вочы да неба. –
Я хацеў цябе рассмяшыць…”
Так цякла іх старэчая жысць…
А ў той час на двары, на вуліцы,
Нехта слёзкамі горкімі муліцца.
Гэта ж... наша курачка Рабка,
Залацістая пава-чубатка!
Што ж ты, курка, так зажурылася?
“Лепш бы я на свет не ўрадзілася!..
Ну, нашто ім (у дні старыя!)
Мае гэтыя слёзкі нямыя?..
Мала богу, што ўзімку ім холадна;
Стала ўлетку яшчэ і голадна!..
І за што мне такое гора?..
Мой жа род (ад мора да мора!)
Працавітым лічыцца ў свеце…
Як не ў час ты загнуўся, Пеця! –
Маскальская твая кроў!..
Чым пеставаць гаспадароў?!
Ой! ко-ко-ко! Вось жа навала
Старых маіх напаткала;
Не! вочкі мае не здужаць
Такую віну адужаць;
Я ж сёмы дзень не нясуся!..
Пайду! лепш у рэчцы ўтаплюся:
Мае бяссілыя плечы
Не вынясуць іхняй галечы!..”
Пабегла курка тапіцца…
Ды мусіла шчасце – адбыцца:
Бо лугам ішоў вандроўны –
З-пад Вільні паэт красамоўны…
Спыніўся ён каля рэчкі…
На небе ўжо зоркі-свечкі
Паціху пайшлі загарацца
Ды весела ў пары збірацца…
Вось і выпала стрэцца вачыма!..
Не маглі прайсці яны міма
Адзін аднаго… У нябёсах
Закружыўся Гасподні посах!
Гэта бог у сваіх руках, –
Напаўняючы Млечны Шлях! –
Яго коўш! – залатымі каменнямі! –
Нанасіў ім радасці жменямі:
Ім – курцы і пеўніку – ім! –
Зручоным каханнем адным!
Курка – мудрай душою царыца,
Што і ў сне не заўсёды прысніцца!
Дык і пеўнік (вось бог жа ім даў!)
Ад паненкі сваёй не адстаў:
І прыгожы ён, і ваяўнічы,
І работнік ён, і паляўнічы!
Дык лунай жа на небе, – узор!..
Певень трохі паправіў віхор:
“Ці магу я ў дзяўчыны спытацца,
Як завуць яе?..” – “Заляцацца, –
Кажа курка, – нягожа нахрапам!..”
“О, даруйце! калі я ўжо раптам
Не тое сказаў; не хацеў!” –
Бедны певень ажно… успацеў.
Закаханаму – не ў навіну
Адчуваць нізавошта віну:
Калі нават спытаеш імя…
А дзяўчына?.. Ды хоць бы сама
Яна хлопцам якім і цікавіцца,
Усё роўна: яму прызвычаіцца
Давядзецца да будучых зносін!..
Што тут зробіш? Каханая просіць…
Пеўню стала ўжо меней зябка:
“Я – Ягайла!” – “Чубатая Рабка…” –
Курка трошкі (ледзь-ледзь!) прысела.
Сэрца хлопца да ног абамлела:
“Ах! які рэверанс! Безумоўна,
Вы, калі не Венера, – князёўна!”
“А што, калі я – з сялянак?”
“Вы толькі ўкажыце мне ганак
Спагадлівых гаспадароў,
Клянуся: без лішніх слоў
Пайду, – праз віхуры-снягі! –
Прасіць я вашай рукі!” –
Хлопец ледзьве не падае з ног…
“Ну-то пойдзем! Вядзі нас бог!..”
І – пайшлі: курка – сонцам ззяючы;
Певень – следам: ценем ступаючы…
Ды раптоўна Ягайла спыніўся,
Да бярозкі плячом прытуліўся;
Азірнулася Рабка-чубатка:
“Вам па сцежцы ісці нягладка?”
“Не; ўсё добра. Хочацца піць:
Так сасмагнуў, быццам – не жыць…
Мо, дасцё мне ў дзюбцы вады?”
“Добра… Толькі пяройдзем на “ты...”
Вось крыху наталіўшы смагу,
Праявіў ужо певень адвагу:
“Давай, любая, знойдзем брусок,
Ці хоць цвёрды які калок:
Як стукну я ім аб касу
Ды выбухну: “Ку-ка-рэ-ку!” –
Лягчэй будзе гаспадару
Прыняць мяне ка двару…”
Так і рушылі ў куркін двор:
Прылізаўшы Ягайлу віхор
Жывою крынічнай вадою, –
Каб не згарэў галавою…
А на двары ўжо бабка
Шукала, дзе дзелася Рабка…
І ўрэшце – заўважыла іх,
Каханенькіх-дарагіх! –
Бо злева, аднекуль з поплава,
Пачулася песня цёплая…
“Добры дзень вам, дзед і бабка!
Гэй! Ку-ка-рэ-ку!
Спадабалася чубатка
Хлопцу-мужыку!
Ну няхай я і кульгавы,
Раны шчыпляць бок, –
Толькі вашай куркі-павы
Не аддам, дальбог!
Вось! бярыце, – хоць на згубу! –
Галаву маю;
Я крычу на ўсю акругу:
Я! – яе! – люблю-ю-ю!..
Многа я блудзіў па свеце:
Біўся, піў, гуляў…
Лепшай дзеўкі на планеце
Я не сустракаў.
Дык прыміце ў свой падворак,
Госпадам малю!..
Калі ж – не... Знайду я корак*,
З’ем яго, памру…
Гэта справа нажыўная:
Будуць яйкі ў вас!..
Гэй! Ці ёсць душа жывая?
Час трымаць адказ!..”
“А каго ж нам гасподзь прынёс?!
Нясі ты, стары, авёс!..”
Дзед – выбег на двор, зірнуў;
Ды ястрабам прашмыгнуў
У цёмны пакой – каморку! –
Набраўшы ў талерку (з горку!)
Апошнюю жменю аўса,
Вярнуўся на двор бы аса;
І, зірнуўшы з усмешкай на бабку,
Стаў Ягайлу карміць; ды чубатку…
Вось так яны і зажылі;
Па цёплым жыцці паплылі:
Дзядок – з даражэнькаю бабкаю…
Ягайла – з мілаю Рабкаю…
Толькі раз ён у куркі спытаў:
“Я цябе ля ракі пакахаў!..
Што цябе туды прывяло?”
“А-а-а! запэцкала нечым крыло!..” –
Так адказала чубатка,
Мудрая курачка Рабка.

________________________________________________
* Корак – пробка, – удак. аўт.