Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Каток – залаты лабок

Няма галасоў

Нядаўна, а можа, даўно
(Вам, дзеткі, не ўсё адно?!)
Жылі сабе дзед і баба.
Жылося ім, дзеткі, слаба:
Нечага няма ім насіць,
Нечага няма ім варыць…
Таму, на нейкім дзяньку,
Вось бабка і кажа дзядку:
“Вазьмі ты, дзядок, тапарок,
Паедзь ты, дзядок, у лясок,
Ссячы там дубочак-дубок…
Звязі на рынак які,
Прадай… Ды купі мукі:
З мяшэчак, на паў-рукі!..
Спячом мы з табою хлеб
І зажывём без патрэб!”
Назаўтра, устаўшы ўранні
(Так, дзетачкі: не на світанні!)
Не выспаўшыся як след,
Сабраўся-паехаў дзед…
Нарэшце – вось і лясок.
Пачаў ён секчы дубок.
Аж!.. выскачыў з дуба каток!
Каток – залаты лабок:
Вушка адно – залатое,
Срэбненькае – другое;
Золата-срэбна шарсцінка,
Золата-срэбная спінка;
Золата-срэбныя лапкі:
Лапкі, лапкі-царапкі!..
(Прыгожы каток – дальбог!..)
Спытаў у дзеда каток,
Гледзячы ціха ў неба:
“Што ў цябе, дзед, за патрэба
Секчы мой цуд-дубочак?
Кінь ты, дзед, тапарочак!..”
Адступіўшы назад, на крок,
Кажа сівы дзядок:
“А! каточак, ты мой галубочак!
Не хацеў я секчы дубочак.
Ды з’елі мы ўсе харчы…
Вось бабка і кажа: ссячы,
Маўляў, у лесе дубочак,
Накладзі – дроўцаў (з вазочак)
Адвязі на рынак які,
Прадай, ды купі мукі:
Нямнога, толькі на хлеб,
Каб дажыць без патрэб!..”
Усміхнуўся ў вусы каток,
Каток – залаты лабок,
І кажа: “Мой ты дзядок!
Едзь дахаты, браток!
Будзе ў вас з бабай мука –
Вось табе лапка-рука!..”
Не чуючы сэрца (ног!)
Паехаў дахаты дзядок…
Ажно!.. у хаце мукі –
Ну, хоць ты жыві без чаргі!
Повен-поўны засек:
Хопіць на доў-ў-ўгі век!..
Бабка, без лішніх слоў,
Нагатавала блінцоў;
Сама наелася дужа,
Накарміла дзядка – як мужа;
І кажа: “Паслухай ты Фросю!
Хіба ж блінцом наямося?
Заціркі б нам наварыць;
Ды гора: чым пасаліць?..
Вазьмі ты, дзядок, тапарочак,
Паедзь ты, дзядок, у лясочак,
Стукні ў родны дубочак:
Мо выскачыць наш каточак?
Папрасі ў яго трохі солі…”
“Можна,” – падумаў міжволі
Стары сівенькі дзядок.
Узяў ён свой тапарок,
Паехаў у пушчу-лясок;
Ды стукнуў у той дубок…
Выскачыў з дуба каток,
Каток – залаты лабок:
Вушка адно – залатое,
Срэбненькае – другое;
Золата-срэбна шарсцінка,
Золата-срэбная спінка;
Золата-срэбныя лапкі:
Лапкі, лапкі-царапкі!..
І кажа, гледзячы ў неба:
“Дзед-дзед! Што табе трэба?”
Дзед у адказ: “Каточак!
Каточак, ты мой галубочак!
Кажа бабка мая:
“Хлеб – хлебам; солькі няма!..”
Усміхнуўся ў вусы каток,
Каток – залаты лабок,
І кажа: “Мой ты дзядок!
Усё будзе добра, браток!
Едзь спакойна дахаты…
Свет на дзівосы – бага-а-аты!”
Аб’язджаючы сена-мурог,
Паехаў дахаты дзядок…
Бачыць: у хаце солі –
Аж да сэрца-патолі!* –
Цэлая дзежка стаіць
(Можна да смерці жыць!..)
Па-роднаму, без прыціркі,
Наварыла бабка заціркі,
Наелася з дзедам дужа
І кажа: “Каханы!.. Дру-у-ужа!
Не шкодзіла б нам цяпер,
Ты ўжо, любы, павер,
Капустачкі паспытаць…
Ну! мілы, хопіць бурчаць:
Вастры ты свой тапарочак,
Едзь у любімы лясочак,
Пастукай ціха ў дубочак,
Выскачыць наш каточак!..
Галоўнае – не крычы:
Капустачкі папрасі…”
Навастрыў дзядок тапарок,
Паехаў у лес-лясок;
Стукнуў ціха ў дубок…
Выскачыў мілы каток,
Каток – залаты лабок:
Вушка адно – залатое,
Срэбненькае – другое;
Золата-срэбна шарсцінка,
Золата-срэбная спінка;
Золата-срэбныя лапкі:
Лапкі, лапкі-царапкі!..
І, весела гледзячы ў неба,
Пытае: “Што, дзедачка, трэба?”
Дзед зноўку: “А! мой ты каточак!
Каточак, ты мой галубочак!
Хлеба і солі ўдосталь;
Ды бабка капусты просіць.
Даруй, калі што…”
– “Дзядок! –
Адказвае добры каток. –
Не цяжка гэта датумкаць:
Як добра капусткай хрумкаць!..”
“Праўду кажаш, каток…”
“Вядзі цябе бог, дзядок!..”
Узабраўся дзядок на воз;
Ды смеючыся да слёз,
Паехаў дахаты шпарка…
А ў хаце – якая запарка?! –
Кадушка капусты стаіць!
(От! можна да смерці жыць!..)
Дзед з бабай паелі зноўку…
Прытуліўшы да дзеда галоўку,
Бабка, бы незнарок,
Кажа: “Мілы дзядок!
З’ездзі яшчэ да катка,
Катка – залатога лабка;
Можа, падкіне нам сала...”
“От! бабка, ўсё табе мала!”
Узяў дзядок тапарок,
Паехаў у родны лясок;
Стукнуў ціха ў дубок…
Выскачыў мілы каток,
Каток – залаты лабок:
Вушка адно – залатое,
Срэбненькае – другое;
Золата-срэбна шарсцінка,
Золата-срэбная спінка;
Золата-срэбныя лапкі:
Лапкі, лапкі-царапкі!..
“Божа! Ад дзеда-мальца
Хоча бабка сальца?! –
Смяецца каток ад душы. –
Ты, можа, спіс напішы:
Што нашай бабцы трэба?!..”
“Не-е-е! Засмяецца неба…”
Паехаў дзядок дахаты…
Глядзіць: у хаце багата
Сала ў кубёлку ляжыць…
“Ну, можна да смерці жыць! –
Сказала шчаслівая бабка. –
І сала ёсць, і аладка…”
Дзед з бабай і сёння жывуць:
Хлеб-сала, капусту жуюць…

Вось вам, дзетачкі, казка;
А мне – абаранкаў вязка!

________________________________________________
* Патоля – поблажка, – удакл. аўт.