Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Дзяк — благі сваяк

Вашая адзнака Нет Сярэдняя: 3.6 (9 галасы)

Служыў у царкве
Недарэчны дзяк:
Быў ён –
Благі спявак…
(Хоць даў бы яму
Хто-небудзь параду,
Што ў песнях яго –
Ні складу, ні ладу…)
Бывае, як заспявае
Казліным сваім галаском,
Паства стаіць – не знае:
Спяваць ці плакаць (кругом!..)
Хоць бога бяры-зневажай
Ды з той царквы... уцякай!
Аднойчы вырашыў
Мудры дзяк
Паказаць сябе
Як мастак!..
А гэта ж – вядома:
Залішне старацца –
Загнецца любая,
Кожная праца!..
Спявае так дзяк, спявае:
Жаласна (быццам – паэт!)
І ўсё на людзей паглядае:
Слухаюць песні ці не?..
Аж бачыць: стаіць сівенькі дзядок,
На клірас ілье – слёзаў паток!
Узрадаваўся
Ашалелы дзяк;
Думае: “Вось які я
Божы спявак!..
Гэта ж – песняй сваёй
Старога дзядка
Я так расчуліў!
Ага!.. Ага!
Трэба мне пастарацца
Болей… Спяваць як след!
Ох! і нялёгкая праца…
Ведаў бы ты, мой дзед!..”
І давай, да цемры з вачэй,
Зацягваць! – дзяк! – танчэй!..
Скончылася
Абедня… Вось
Дзяк, прыкуты
Славай наскрозь,
Падыйшоў да дзядка,
Пытаецца:
“Чаго табе, дзед,
Так маецца?
Чаму ты, старэнькі,
Слёзкі сённяка ліў?..
Няўжо, мой мілы-міленькі,
Я песняй душу разбудзіў?!
Адказвай! Хопіць слязьмі
Клірас мыць… Ну, кажы!”
“Ай, дзяча! –
Кажа стары. –
Маўчы…
І не гавары!..
Як жа было мне
Сёння не плакаць?!
Я ж – чалавек,
Ні нейкая бяка!..
Душа твая, дзяча,
Так сёння спявала!..
Я ўспомніў
няўдачу:
Як летась бляяла
У лесе мая каза –
Козачка-дзераза! –
Калі на ўзбярэжжы ракі
Душылі яе ваўкі…”