Яблынька
Без прасторы, без святла
Я ў лясной глушы расла.
Кволай тоненькай сцяблінкай
У тым лесе я была.
Там мяне з бакоў сабою
Заглушалі вербы, хвоі.
Там я згінула б зусім,
Стала б пруцікам сухім.
Ды якраз мяне прыкмеціў
Сярод лесу хлопчык Пеця.
Ён прыйшоў сюды з лапатай
I мяне — у кроплях рос —
З-пад лясных цяністых шатаў
У садок свой перанёс.
Пад адкрытым вольным небам
Пасадзіў мяне як трэба,
Мне галінкі распраміў
I вадой з вядра паліў.
З той пары сачыў за мною
I зімою, і вясною.
Ён карміў мяне, паіў,
Ну, а потым прышчапіў.
На вачах расла я, рада,
Тут пад Пецевым прыглядам.
Час прыйшоў, і ад цяпла
Я ў дзень майскі расцвіла.
Ну, а ўвосень на галлі,
Што звісала да зямлі,
Наспяліла столькі вабных
Крутабокіх буйных яблык!
Гэта, Пеця-гаспадар,
За дагляд —
Табе мой дар!