Добрыя суседзі
Мы жывём
Пры самым лесе:
Граб на дом
Галіны звесіў.
Нас у доме тым багата:
Дзед, бабуля, мама, тата,
Дзве сястрычкі, брат і я —
Наша дружная сям'я.
Ёсць у нас яшчэ суседзі —
Іх не кожны б тут угледзеў.
Іх сядзібу мне,
Іх хату
Паказаў аднойчы тата.
Мы ішлі туды ля рэчкі,
Дзе чырвоныя парэчкі,
Бузіна, кусты каліны,
Хмель, арэшнік, арабіны...
— Вунь яна, глядзі, —
Сказаў
I на рэчку паказаў,
Пад вярбою стаўшы,
Тата.
Глянуў я скрозь лазнякі:
У вадзе, сярод ракі,
Сапраўды цямнела хата!
Дах відаць мне быў і дзверы
Проста я вачам не верыў!
Пра той хаты жыхароў,
Пра яе гаспадароў,
Пра жыццё іх і занятак
Мне тады й паведаў тата.
Гэта ж — слаўныя майстры,
Лесарубы-цесляры.
Валяць вольхі ды асіны,
Робяць хаты і плаціны.
А якіх яны каналаў
Тут праклалі
Ля завалаў!
Дружна ўсе яны працуюць,
Дні і ночы тут шчыруюць.
Я не раз хацеў
Іх працай
Хоць здалёк палюбавацца.
Вось ішоў сюды аднойчы
Сцежкай роснай
Пасля ночы.
Раптам —
Твар у твар —
Між дрэў
Аднаго я з іх
Сустрэў!
Ён, маленькі,
Рыжаваты,
Нёс камель вярбы сукатай.
Толькі ўгледзеў ён мяне —
Ад спалоху
Скамянеў
I пад ногі на сцяжыну
Упусціў сваю лясіну.
Стаў слупком і —
Што я бачу? —
На мяне глядзіць
I плача!
З вузкіх шчылінак-вачэй
Долу слёз пацёк ручэй.
Тут яго я супакоіў:
— Ты не бойся, друг, мяне,
Сцежкай смела йдзі сваёю —
Не пакрыўджу цябе, не!
I я ўбок сышоў, вядома:
Хай нясе свой груз дадому.
Хай жыве,
Хай без бяды,
Як жылі, жывуць заўжды
Між альшын,
У сховах недзе
Нашы добрыя суседзі,
Нашы мілыя сябры —
Працавітыя бабры!