На поўначы
А ў мяне суседзі —
Белыя мядзведзі.
Бо жыву я —
З татам, з мамай —
За палярным кругам самым.
Бо мой тата —
Будаўнік:
Працаваць усюды звык.
Два гады мінула роўна,
Як наняўся ён
На Поўнач.
Ён дамы будуе людзям —
Тут вялікі горад будзе.
Тут, дзе мы, —
Як велікан,
Ледавіты акіян.
Вось адтуль,
З ільдоў халодных,
Ад буранаў нелагодных
I прыходзяць к нам
Мядзведзі —
Нашы белыя суседзі.
Часам любіць госць-мядзведзь
I праз вокны паглядзець:
Як жывём,
Што робім мы
I якія ў нас дамы.
Мы гасцей такіх шануем,
Іх цукеркамі частуем.
«Мішак» ім
Часцей даём —
Іх на ганак
Мы кладзём.
Падыходзіць, бачым, цішкам
Да тых «Мішак»
Белы мішка.
Доўга іх тут аглядае —
Мусіць, думае-гадае,
Што такое гэта значыць:
Ці не родзіча ён бачыць?
Толькі буры ён!
Аднак
Гэта ўсё-такі
Сваяк!
Як ён трапіў
На паперку,
На салодкую
Цукерку?