Лясныя дарункі
У светлым лесе — ціш і воля.
Бярыце ў рукі кашалі:
Плыве, плыве, як пух таполі,
Туман бялявы паўз камлі.
Там, на зямлі, дзе хвой іголкі,
Калючы верас ды чабор,
У цені дрэў — прыгледзься толькі —
Схаваў свае дарункі бор.
ЛІСІЧКІ
Сцёр з неба ясны ранак знічкі.
Прывольна ў сонечным ляску.
Сям'ёю выбеглі лісічкі
Сюды пагрэцца з вераску.
ВЯСЕЛІКІ
Выжарын рыжыя насельнікі,
Між купін — не міне любы —
Сядзяць вясёлыя вяселікі —
Красавіковыя грыбы!
СЫРАЕЖКІ
Чырвоных, жоўтых — ля ўсіх сцежак,
Светла-зялёных — па бары,
Нібыта кветак, сыраежак
Панастаўляна скрозь — бяры.
ПАДАСІНАВІК
Глухімі сцежкамі ласінымі
Нядарма ногі ты цягаў:
Глянь, пад асінай падасінавік
У яркай шапцы, як цыган.
РЫЖЫК
Там, дзе жыве вясёлы чыжык,
У зацішку, пры едлаўцу,
Як сонца ўранні, рыжы рыжык
Блішчыць з-пад купінкі сіўцу.
ВАЎНЯНКА
Прыйшла да рыжыкаў ваўнянка.
Прыгледзься: з воўначкі берэт.
Уся ў ружовым, ля палянкі
Глядзіць красуняю на свет.
БАРАВІК
Пад звонкай хвояю іглістай,
Прабіўшы мох, як буравік,
Стаіць у верасе квяцістым
Лясное дзіва — баравік.
МАХАВІКІ
Зайдзі ў гушчар, да хвой шматзвонных
I тут, і там, нібы цвікі,
Па шапкі ўбіты ў мох зялёны
Зялёныя махавікі.
ГРУЗДЫ
У векавых бярозах чорных,
Як сподкі, круглыя грузды.
З іх, быццам бы ў сталоўцы шчодрай,
П'юць дожджык сойкі і дразды.
БАБКА
Улетку, з дожджыкам нязябкім,
У беразняк, да каташкоў,
Вяла між траў старая бабка
Гурму бялявых малышкоў.
МУХАМОР
У яркім шоламе агністым,
Як рыцар — палюбуйся, бор! —
Стаіць на варце, ганарысты,
Граза ўсім мухам — мухамор!
ПАГАНКА
Зірнеш: паненка-выхвалянка,
Што апранула новы ўбор,
Ды не бяры: яна — паганка!
Нясе не толькі мухам мор!
МАСЛЯКІ
У саснячку густым, смалістым —
Загледзішся на цуд такі —
У беленькіх манішках чыстых
Стаяць фарсіста маслякі.
ТАЎСТУШКІ
Пад мяккі мох, ля пня-гнілушкі,
Як пад пярыну, з галавой
Ад воч схаваліся таўстушкі —
Хто адшукае іх між хвой?
ПАДБАЛОЦІНКА
Ты расхіні кашом чароцінкі:
Стаіць, забытая ў цішы,
Там, пры балоце, падбалоцінка
У жоўценькім капелюшы.
ШАМПІНЬЁН
Не йдзі шукаць яго да бору,
За хаты выйдзі: вось і ён —
Раскрыўся проста пры разоры,
Як парашуцік, шампіньён.
ВАЛУЙ
Між траў, як мамчын той сынок,
Ад рос асенніх — хоць малюй —
Самотна сцяўся ў кулачок,
Зжаўцелы ўвесь, плакун-валуй.
АПЕНЬКІ
Па каранях, як па ступеньках,
Бясстрашныя — ці ноч, ці дзень,—
Палезлі рабыя апенькі
На заімшэлы волкі пень.
ЗЯЛЁНКА
Мароз-дзядуля сцюжам звонка
Ўжо распускае паясок,
Ды пад ялінаю зялёнка
Жыве, зашыўшыся ў пясок.
РАДОЎКА
А побач (ну, не лес — кладоўка),
Ўся фіялетавая, з траў
Адважна вылезла радоўка —
Зялёнкі родная сястра.