У школу
А ў Максіма,
А ў Максіма —
Сёння ранец
За плячыма.
Гэта ў школу йдзе
Максім:
Ён вялікі ўжо
Зусім.
Досыць з дзецьмі
Хлопцу знацца —
У пясочніцы
Капацца.
Гульбы ў школе
Ён забудзе —
Літары вучыць
Там будзе.
Тыя літары,
Лічы, —
У дзівосны свет
Ключы.
Перад ім
Яны расчыняць
Сонечныя
Далячыні.
Павядуць яны
Максіма
Па шляхах усіх
Радзімы,
Па далінах,
Па гарах,
Па чароўных
Гарадах.
А пасля ён
Скрозь туманы
Ўбачыць моры,
Акіяны —
З белай чайкаю,
З вірамі,
З зорамі
Ды з караблямі.
Ён пазнае ўсё
Як трэба
Пра зямлю сваю,
Пра неба,
Пра бяздонны вір
Сусвету,
Найдалёкія
Планеты.
Тыя
Літары-ключы —
Толькі добра
Іх вучы! —
Адамкнуць табе
Таксама
У часоў мінулых
Браму,
На вачах —
Вось цуд які! —
Вернуць
Даўнія вякі...
Сёння ў школу йдзе
Максім:
Свет вялікі —
Перад ім!