Оліны градкі
Паглядзіце — наша Оля
Агарод так шчыра поле!
Гэта дзед на дачы ёй
Удзяліў участак свой.
Градкі роўныя малая
Там сама зрабіла ў маі.
Іх засеяла насеннем —
Хай расце на заглядзенне!
Оля градкі даглядала,
Іх палола, палівала.
I цяпер — зірні — парадак
У яе на кожнай з градак.
Там — раўнюткімі радкамі
Боб, пятрушка з буракамі.
Там усё расце, буяе,
Хутка моцы набірае.
Вунь ужо граду праткнулі
Стрэлы вострыя цыбулі.
Паказала лісце блізка
Ля цыбулі і радыска.
Спрытна лезе ўжо на колік
Пакручастая фасоля.
Распусціўшы гожы хвосцік,
Кліча ўсіх і морква ў госці
Раздуваюць кабачкі
Белаватыя бачкі...
Хто ні йдзе, ля агарода
Прыпыняецца заўсёды:
— I чые такія градкі,
Дзе расце ўсё без аглядкі?
— Гэта ж Олечка малая
Агародніца такая!
Гэта ўсё яна стараецца,
Каля градак завіхаецца.
Наша Оля — малайчынка:
Працавітая дзяўчынка!