На трактары
Я на трактары сягоння
Сам араў
За вёскай гоні!
Навучыў мяне мой тата,
Як заводзіць,
Весці трактар.
Сеў за руль я з татам,
Рады,
Уключыў як след
Прылады
Ды націснуў на педаль —
I пайшоў, пайшоў
Удаль!
За разораю разору
Вёў плугамі
Я ў прасторы.
I рабілася за мною
Поле
Мяккаю раллёю —
Тут налета пад блакітам
Каласамі ўстане
Жыта...
— Трактарыст ты ўжо
Сапраўдны —
Трактар водзіш
Вельмі слаўна! —
Пахваліў мяне мой тата
I сказаў яшчэ ў дадатак:
— Падрастай —
Сваю пасаду
Перадам табе я ў спадак.
Абрабляй зямлю, як я, —
Гэта ўся зямля твая.