Гандлярка
Ці вы бачылі
На рынку
За прылаўкам
Кацярынку?
На малой —
Халацік белы,
Побач — кош
Цыганак спелых.
Прадае сама
Ад ранку
Кацярынка ўсім
Цыганкі.
Даручыла
Сёння маці
Працу гэтакую
Каці.
Тая плодная
Цыганка,
Што расце ў іх
Каля ганка,
Сёння дзеліцца
З усімі
Пачастункамі
Сваімі.
Падымае
Каця гіры:
— Колькі вам?
Два?
Тры?
Чатыры?
Ўсе бяруць
Цыганкі тыя:
— Ах,
Салодкія якія!
Рада, рада
Кацярынка.
Радасць ёсць
Усім ад рынку:
Людзям — грушы,
Маме — грошы
На сукенкі
I галёшы.