Бабка
— А ці можаце вы, дзеткі, растлумачыць,
Што ж у нашай мове слова «бабка» значыць?
Ніна: Ну, вядома ўсім — «бабуля» —
Маміна ці татава матуля.
Лена: То старэнькая жанчына.
Лоб і твар, і рукі — у маршчынах.
Вераніка: Страва з дранай бульбы.
Там і мяса, скваркі і цыбуля…
Ала: Грыб. Іначай — падбярозавік.
А расці ён любіць пад бярозаю.
Лёня: То кавадлачка са сталі,
Каб на ім касцы касу кляпалі.
Міша: Бабка… Гэта снапоў кучка.
Ставяць іх на полі. Для прасушкі.
— Ну й разумнікі! — сказаў настаўнік. —
За адказы ўсім выдатна стаўлю.