Ад крадзенага не пасыцееш
Было калісь два сына ў чалавека.
Яны ў пяшчоце бацькавай раслі
Не тое, каб зусім ужо няўмекі,
Але ні ў чым майстрамі не былі.
Гады над імі птушкамі ляцелі -
За летам - восень, зімушка, вясна…
Мальцы нябачна неяк пасталелі…
І вось аднойчы бацька ім сказаў:
-Пара і за работу, хлопцы, брацца.
Каб на жыццё чым-небудзь зарабляць.
Якою справай марыце займацца?
Ў адказ – маўчанне… Што каму абраць?
-Дык пойдзем, – кажа бацька, – з вамі ў людзі,
Пабачым, чым займаюцца яны -
Мо нешта вам з таго цікава будзе…
Сабраўся… Наўздагон - яго сыны.
Дайшлі да вёскі… У кузне старажытнай
У рукі молат сын старэўшы ўзяў…
А быў ён гэткі кемлівы і спрытны -
Любую справу хутка пераймаў.
Прыгледзеўся да працы кавалёвай
Стаў побач, павучыўся, дапамог…
-Вось, бацька, і каваль табе гатовы -
І паказаў ім зроблены нарог.
-Ты добрую абраў сабе, сын, справу.
Бо хто патрэбны людзям, той – з рублём.
Жыць працай - і карысна і цікава -
Збудуем кузню - станеш кавалём.
А меншы сын, ніяк па свайму сэрцу,
Не мог занятак добры адшукаць.
А тут глядзіць – на лузе вол пасецца
І побач з ім нікога не відаць.
-А што, калі пачаць валоў мне красці?
Не цяжка, многа мяса – я б таўсцеў…
-Крадзі, - прамовіў бацька, - як удасца,
Раз ты нічога болей не схацеў .
І сын пагнаў вала сабе дадому…
А бацька ззаду: ”Сынку, пачакай!
Мне трэба ў вёску гэтую… Знаёмы
Тут мой жыве… Мне часу трохі дай…”
Сын гоніць - і, бы ліст які, трасецца,
Са страхам азіраецца, бы воўк -
Ці не бяжыць за ім, ці не крадзецца
Той гаспадар, каму належыць вол?
На ўзлеску пачакаў вяртання бацькі,
З ім разам прывялі дамоў вала.
Зарэзалі і шкуру знялі… Ў хаце
Запахла свежанінай ад стала.
-Ну, сыне, знімем меркі і праверым,
Хто болей пасыцее ад мясца.
І бацька ўзяў шнурок і лоўка змерыў
Акружнасць шый – сваёй і малайца.
Вячэраць селі – бацька есць спакойна,
Хлапчына ж паглядае ўсё ў акно:
Шукае хто ці не? Ці не запомніў?
Ці не пільнуе побач, за сцяной?
Сабака брэша, йдзе ці едзе нехта –
Сын – за кавалак мяса – і ў куток.
Здаецца, ад сябе самога збег бы –
Дрыжыць, ажно не чуе рук і ног.
Так дзень за днём… Нарэшце, з’елі мяса -
І кажа бацька: “Ну, сынок, пара
Нам таўшчынёю шыі параўнацца…”
І ўзяў у рукі кончыкі шнура.
Памералі – зірнулі: патаўсцела
У бацькі шыя болей, чым ўдвая.
У сына ж патанчэла … нават цела
Схудзела – стаў памерам з вераб’я.
Сын дзівіцца: “Чаму так? Елі ж разам!”
“Бо ты, сыночак, з крадзенага жыў!”
“Але ж і ты… валоў’е трэскаў мяса…”
“Але пайшоў спачатку, заплаціў!
Таму і пасыцеў, як ад свайго я.
А ты згарэў, бо страх цябе душыў:
Як сядзеш есці - ён паўзе змяёю –
На шыю – скок – і гадам на душы…
Праз гэта ты, сыночак, і худзееш
І ежа на карысць не йдзе табе.
Ад крадзенага, брат, не пасыцееш!
Шукай ты лепей працу для сябе!”