Ў мурагу каля дарожкі
Ў мурагу каля дарожкі,
Нібы цар са світай траў,
Дзьмухавец з даўжэннай ножкі
Наваколле аглядаў.
Прыкідаў па-гаспадарску:
Дзе тут кветак недарод?
Меркаваў пашырыць царства
І падоўжыць царскі род.
Планаваў зрабіць палянкі
З дзьмухавечкаў залатых -
Каб дарылі свету зранку
Шчасце сонейкаў сваіх.
Каб, адкрыўшы ў маі вочкі,
Чаравалі жаўцізной,
А, ссівеўшы, матылёчкаў
Запускалі над зямлёй.
Палічыўшы мару плённай,
Дзьмухавец не пазяхаў -
Жмут насення-парасонаў
Лоўка ветрыкам узняў.
Асляпіў нябёсы пухам,
Зацярушыў глебы спеў...
Але так старанна дзьмухаў,
Што раптоўна… палысеў…