Хто такі дзіка-абраз?
“Хто такі дзіка-абраз? –
У мяне пытае Стас, -
Ён маленькі ці вялікі?
І ці праўда, што ён дзікі?”
Каб не енчыла дзіцё,
Спазнаю спярша пра ўсё,
А пасля яму чытаю,
Нават вершыкі складаю:
Кожны з дзіка-абразОў –
Член сямейства грызуноў –
Хоць на вожыка падобны,
Але ўсё-ткі від асобны.
Даўжыні з хваста па нос –
Дэцыметраў з восем ёсць,
А вось важыць цяжкі самы
Пад трынаццаць кілаграмаў.
Але ж вораг не кране –
Ёсць іголкі на спіне.
А наогул у жывёлы
Трыццаць тысячаў іголак.
У іголцы наўздагад
Грамаў дзвесце пяцьдзясят.
Іх прыкмеціць вельмі проста –
Цёмна-белыя палоскі,
Што прывабны для людзей –
Ды жывёлы – у бядзе.
З-за іголак іх знішчаюць
І прыбытак велькі маюць.
А ў дадатак дзікабраз
Мае зубы – проста клас!
Вось такія б – у музей:
Нават дрот перагрызе!
І з ядой няма бяды:
Есць карэнні і плады,
Любіць бульбачку з гарода
І другія карняплоды.
Ужывае і кару,
І галінкі – у пару.
За зіму ён, як захоча,
Сотню дрэваў ператочыць.
Есць звычайна па начах,
А як дзень - лунае ў снах.
Самка ж – дзіка-абразІха
Абразят палічыць ціха:
Раз, два, тры, чатыры, пяць –
Ды ўкладае дзетак спаць,
А пасля глядзіць, каб елі -
Каб іголкі зацвярдзелі.
Я легенду чуў не раз,
Што страляе дзікабраз:
Калі ворага пужае,
Ён хвастом сваім матляе,
Вось іголкі і ляцяць…
Ды й навошта іх трымаць?
Нарастуць яшчэ і болей –
Не асыплюцца ніколі…