Ручаёк
Ці ты зблізку, ці здалёк
Прыкаціўся, ручаёк?
Дзе ты быў і дзе ты жыў,
З кім гуляў і з кім дружыў?
Адказаў нам ручаёк:
— Я ні зблізку, ні здалёк —
Я з высокай хмаркі,
Што ляцела шпарка
Над палямі, над лясамі
I спынілася над вамі.
Вецер хмарку абярнуў —
Цёплы дожджык сыпануў!
За струменьчыкам струменьчык —
Дзе травінка, дзе каменьчык —
У абгонкі скок ды скок —
I радзіўся ручаёк.
Непаседа-весялун,
Гаманлівы булькатун —
Буду з вамі я гуляць,
Вам караблікі люляць!