Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Крынічка

Вашая адзнака Нет Сярэдняя: 4.7 (3 галасоў)

Блакітныя прасторы
Радзімы дарагой.
Крынічкі пераборы
У лесе пад сасной.

Сплыло сутонне ночы...
Пагоднай раніцой
Я роснай сцежкай крочу
Да песенькі тваёй.

Утульная палянка,
А там,
у гушчары,
Стаілася зямлянка
Яшчэ з тае пары...

На гэтую паляну
Прыходзілі тады
Героі-партызаны
Папіць жывой вады.

Набраць яе ў біклагу,
Параненым падаць...
Як спаталяла смагу
Гаючая вада!

А колькі ты, крынічка,
Абмыла цяжкіх ран?
Была ты,
як сястрычка,
Для мужных партызан!

Цякла няўтомна ў сцюжу
I ў спёку з-пад камлёў
I сагравала душы
Сваіх лясных братоў...

Прайшла пара ліхая, —
Зладзюг перамаглі.
Струменіць плынь жывая
З глыбінь жывой зямлі.