Першая кніжка
Вось кніжка мая першая
З малюнкамі і з вершамі.
Тут словы запаветныя —
I ветлыя, і светлыя.
Цяпер мой новы друг-таварыш
Завецца Сонечка-Букварык!
Ён вучыць нас усіх чытаць
I без гультайства працаваць,
Радзіму зорную любіць
I край свой родны бараніць.
Мне асвятляе шлях букварык,
Нібыта казачны ліхтарык.
Як шчасна-хораша ісці
З надзейным сябрам па жыцці!
Доктар Таня
Тата, што ж ты захварэў?
Можа, ўпотай снегу з’еў?
Ці лядзяш пасля работы
Недзе абсмактаў употай?
Ці лічыў каля гадзіны
З форткі хуткія машыны?
Ці ў мароз пайшоў у летніх
Тонкіх-тоненькіх шкарпэтках?
Ці забыў надзець ты шарф —
Бегаць ён перашкаджаў?
Ці твая, магчыма, шапка
Так і засталася ў шафе?..
Ну нічога, любы мой,
Мы падлечымся з табой...
Каб не знацца
З трасцай гэткай,
Журавінка
Хто дурэе цэлы дзень?
Хто гудзе, як авадзень?
Ведаем: дзяўчынка —
Плакса-Журавінка.
Не вітаемся мы з ёй,
Капрызуляю такой.
Ды шкада дзяўчынкі —
Плаксы-Журавінкі.
Запрасілі плаксу ў круг:
— Глянь, які зялёны луг!
Чуеш — пчолаў
Зум вясёлы.
Мёд для нас збіраюць пчолы.
А якія тут рамонкі!
Як ручай спявае звонка!
Гэта ж — проста лю-ба-та...
Гэй, у скокі — гой-та-та!
Дзятлава кузня
Лось у свежым снезе грузне,
Спіць сабе ў кары барсук.
Дзятлава працуе кузня:
Тук-тук-тук!
Тук-тук-тук!
Промні сонца льюцца песняй.
Птах ушчэнт патрушчыў сук.
I ляціць па ціхім лесе:
Тук-тук-тук!
Тук-тук-тук!
Пахіліўся дзень на вечар,
Ды не сціх бадзёры гук
З кузні дзятлавай з-за рэчкі:
Тук-тук-тук!
Тук-тук-тук!..
Крынічка
Блакітныя прасторы
Радзімы дарагой.
Крынічкі пераборы
У лесе пад сасной.
Сплыло сутонне ночы...
Пагоднай раніцой
Я роснай сцежкай крочу
Да песенькі тваёй.
Утульная палянка,
А там,
у гушчары,
Стаілася зямлянка
Яшчэ з тае пары...
На гэтую паляну
Прыходзілі тады
Героі-партызаны
Папіць жывой вады.
Набраць яе ў біклагу,
Параненым падаць...
Як спаталяла смагу
Гаючая вада!
Вясёлка
Дзеці летам ранкам золкім
Селі маляваць вясёлку.
Малявалі-малявалі —
Спрэчкі тут завіравалі:
З колераў якіх яна
Так прыгожа складзена?
Ўсе спрачаліся дасужа,
Пальцы загіналі дружна:
— Фіялетавы!
— Жоўты!
— Аранжавы!
— Чырвоны!
— Зялёны!
— Адзін прапусцілі!
— Які?
— Нібыта...
— Блакітны!..
Дзеці зноўку ранкам золкім
Селі маляваць вясёлку.
Малявалі-малявалі,