Калыханка
Добрай ночы, мой малыш!
Ты яшчэ адзін не спіш…
Прытуліся да матулі,
Каб суседзі не пачулі.
Гулі-гулі, гулі-гулі
Ты адзіны ў матулі.
Кацяняты ўжо спяць,
Іх у кошкі ажно пяць.
Мурка іх прыгрэла поўсцю
І мурлыча песню ноччу.
Гулі-гулі, гулі-гулі
Ты прыгожы ў матулі.
Сон схаваў і сонца з неба,
Значыць так яно і трэба.
Кожны зможа адпачыць,
Каб назаўтра дзень пражыць.
Гулі-гулі, гулі-гулі
Засынай хутчэй, сынуля.
Хай прыемным будзе сон,
Казак прынясе шмат ён.
Пажаданні твае здзейсніць,
Усё дрэннае закрэсліць.
Гулі-гулі, гулі-гулі
Спі, маленькі мой сынуля.