Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Вясёлка

Вашая адзнака Нет Сярэдняя: 4.5 (2 галасоў)

“Адзін, два, тры, чатыры, пяць!
Хадзем у хованкі гуляць,
Сонейка бліскотнае,
Сонейка спякотнае!”
“Пяць, чатыры, тры, адзін!
Я — хавацца, ты — вадзі!” —
Сонца Хмары адказала
і за спіну Хмары стала.

Адкрывае Хмара вочы —
дзень, а цёмна, нібы ў ночы.
Ні бліскоткі не засталася —
вось так, Сонейка схавалася!

У чароце ля ракі,
між балотнай асакі,
у яловым гушчары,
ў лузе, ў моры, на гары,
ў яры, ў кроне, пад кустамі,
пад цяністымі мастамі...
Хмара ходзіць-выглядае:
Сонца пяць гадзін шукае.
Засталося без абеду,
а ад Сонейка — ні следу!

І стамілася Хмара, нахмурылася,
над дзіцячай пляцоўкай прыжмурылася,
і над хлопчыкамі і дзяўчынкамі
зарыдала слязьмі-дажджынкамі.

“Што ты, Хмара, плачаш так горка?
Я было не за дальнім пагоркам,
не за дрэвам, не за гарою,
а хадзіла ўвесь час за табою!” —
кажа Сонейка Хмары суцешна.

“Як жа весела і пацешна,
ты хавалася за сяброўкай!” —
усміхнулася Неба вясёлкай.