Вучоны Крот
Спадар Крот быў дамаседам, аднак меў больш за сто сяброў і знаёмых. Кожны дзень ён гадзінамі наведваўся ў госці то да аднаго, то да другога, не пакідаючы фатэля, бо кампутар у яго сутарэнні (а ты ж ведаеш, што краты жывуць у падземных скляпах), быў далучаны да інтэрнэту.
Толькі ніводнаму віртуальнаму знаёмаму не быў так рады спадар Крот, як спадарыне Палявой Мышы, якая завітвала да яго раз на тыдзень. Сапраўды, ніякі інтэрнэт-сябра не пачастуе духмянай габратай з самымі смачнымі ў свеце пампушкамі (зразумела, акрамя тых, якія гатуе твая маці). І нават самыя анімаваныя “смайлікі” не здольныя перадаць асалоды ад жывой гутаркі “вочы ў вочы” з прыемным суразмоўцам.
Вось і сёння духмяныя воблакі пара лунаюць над кубачкамі гарбаты. Са стала просяцца ў рот пампушкі з сочывам і шакаладныя цукеркі. А спадар Крот і спадарыня Мыш, утульна прыладзіўшыся насупраць каміна, вядуць гутарку:
— Не-не, шаноўная спадарыня, не ўцягвайце мяне ў гэтыя авантуры! Мне, вучонаму крату, захавальніку самай навуковай бібліятэкі на нашых землях, — тут Крот махнуў ў бок пыльных кніжных коркаў на паліцах, размешчаных уздоўж сцяны, — проста непрыстойна браць удзел у забабонах!
— Шкада, дарагі сябра, у мінулую нядзелю мы з вашай сястрычкай добра палашчыліся на сонечным прыгрэве, — адказала Мыш.
— Пры ўсёй павазе, спадарыня, — узяў павучальны тон гаспадар самай навуковай бібліятэкі, — як вучоны я павінен заўважыць, што Сонца не існуе: гэта навуковы факт. А той, хто распаўсюджвае пра яго байкі ці ашуканец, ці даверлівая ахвяра, ці проста вар’ят. Вось гэтыя апетытныя пампушкі, прыгатаваныя Вамі, безумоўна існуюць, бо іх смак дагэтуль цешыць мой язык. А Сонца я ніколі не трымаў у руках і не сустракаў у сутонні сваіх тунэляў. Усё, што існуе, павінна сябе неяк выяўляць. А Сонца не завітвала да мяне ў госці ні праз Інтэрнэт, ні праз дзверы.
— Вы маглі б і самі, спадар Крот, наведацца да Сонейка, падняўшыся на паверхню зямлі. Тады, магчыма, і Вы адчулі б, як Яно лашчыць бакі на прыгрэве.
— Вось яшчэ! — абурыўся Крот. — Дзе гэта Вы бачылі, каб такі сур’ёзны навуковец як я даверліва цягнуўся ўслед зманлівых баек! Вох, любасная сяброўка, мне шкада Вас. Я разумею, што міф пра існаванне цёплага Сонейка суцяшае Вас у гэтым змрочным і халодным свеце. Але, баюся, вы трапілі ў пастку самападману: святло і цеплыня, якія лашчаць Вас на прыгрэве — гэта толькі плады фантазій: востры га-лю-цы-натарны сін-дром, кажучы навукова!
— Вы бы думалі інакш, калі б бачылі, як залатыя пальцы сонечных промняў адаграваюць сваёй пяшчотай азяблую ў зімовай спячцы зямлю, як яна скідвае з сябе срэбныя шубы снягоў і расквітае зорачкамі пралескаў.
— Упэўнены, мая мілая прасцячка, што змене пораў года можна знайсці іншае патлумачэнне, без усялякіх там “сонечных пальцаў”. Падумайце сама: калі б у небе насамрэч красавалася цёплае і пяшчотнае Сонейка, як тады магла б існаваць халодная і суровая зіма?! Не, сяброўка, мне не трэба марнаваць час, поўзаючы па паверхні зямлі, каб ведаць, што Сонца — гэта толькі міф. У маіх кнігах дастаткова навуковых доказаў гэтаму.
Спадарыня Палявая Мыш не знайшлася што адказаць навукоўцу Крату, бо сама яна навукамі не займалася, і ў яе бібліятэцы захоўваліся толькі кулінарныя кнігі.
Яна ветліва падзякавала суседу за прыемную кампанію і абяцала прынесці наступным разам яшчэ больш духмяныя травы і яшчэ больш смачныя пампушкі. Сумленна кажучы, Мышы не хацелася развітвацца з такой утульнай норкай і кветкавым водарам, прытоеным у аблачыне пара над кубачкам гарбаты, аднак, яна абяцала пляменніцам, што зводзіць іх на прыгрэў, каб аблашчыць бакі Сонейкам, якога не існуе…
А вучоны Крот, са шкадаваннем развітаўшыся з прасцячкай-суседкай, плюхнуўся ў глыбокае скураное крэсла і пагрузіўся ў чытанне таўшчэзнай навуковай кніжкі. І меў рацыю, бо аўтар кніжкі не марнаваў час поўзаннем па нейкіх там “прыгрэвах”, а ўсё жыццё невылазна правёў у сваім сутарэнні, займаючыся навуковым спасціжэннем свету.