Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Шпакоўня

Няма галасоў

Магчыма, табе даводзілася бываць у садзе. Не, не ў дзіцячым садку, а ў смачным садзе. Там, дзе з дрэваў цягнуцца табе ў рукі наліўныя яблыкі, мядовыя грушы; румяняцца на сонейку вішні і загарае чарэшня.
Кажуць, самы прыгожы, дагледжаны і смачны сад на Беларусі мела сям’я добрых людзей, што жылі ў адным селішчы на Палессі. Гавораць, што нават у самыя скупыя неўрадлівыя гады ў тым садзе прыгажэлі такія сакавітыя ды салодкія яблыкі, якіх не знайсці ў іншых садах і ў лепшыя часы.
Падзівіцца на плады і ягады таго сада прыязджалі госці з усіх куткоў Беларусі, і нават з-за мяжы. А гаспадары — людзі гасцінныя: прымуць шчыра, накормяць смачна і павядуць сад глядзець, садоўніцкімі сакрэтамі дзяліцца і слухаць спевы шпакоў.
Трэба сказаць, што тыя шпакі былі выдатныя майстры па частцы вакалу: маглі пераймаць галасы дванаццаці відаў птушак. У іх рэпертуары былі песні дразда-белабровіка, чачавіцы, жаўтушкі, пячураўкі, круцігалоўкі. Аздаблялі свае нумары яны пошчакамі кулёна, свістам пагоніча, ціўкатам вясковай ластаўкі, чуфыканнем цецярука, чмяканнем кучара крыжанкі, крыкам пусцельгі.
За такія канцэрты, ды й за дапамогу ў знішчэнні шкодных для сада казюркаў, не шкадавалі гаспадары для шпакоў ягадаў, і штогод паднаўлялі шпакоўню.
Аднак аднойчы, ніхто не можа ўспомніць з якой прычыны, пераехалі нашыя садоўнікі ў другое месца, а сваю хату і сад са шпакоўняй прадалі іншаму гаспадару.
— Не, гэтая шпакоўня не ўпісваецца ў ландшафтны дызайн, — сказаў новы гаспадар сада.
І калі сям’я салодкаспеўных шпакоў вярнулася наступнай вясной з выраю, то не знайшла сваёй хаткі на месцы. Аднак у селішчы хапала добрых дзяцей, і птушкі засялілі іншую шпакоўню, зробленую хлопчыкамі.
А сад з тых часоў перастаў быць такім дзіўным. Бо ўраджаю шкодзілі розныя казюкі, якіх раней з’ядалі шпакі. Ды і не было як паслухаць болей у тым садзе зачаравальных птушыных спеваў.