Прыгоды парасона
Летам доўга стаяла сухое гарачае надвор’е. А дома ў куце, быццам быў за штосьці пакараны, стаяў парасон. Быў ён падобны на завяўшую кветку і яму было вельмі сумна. “Дзе ж мой сябар дожджык? – раздумляў парасон. – Можа чаго пакрыўдзіўся ці заблудзіўся, што да нас не прыходзіць? Таму мой гаспадар не бярэ мяне з сабой і я не магу любавацца такой прыгожай прыродай.” І аднойчы парасон не вытрымаў і, калі дома нікога не было, выскачыў праз адчыненае акно на панадворак. Павітаўся з альтанкай, што была падобна на вялікі раскрыты парасон, затым пераскочыў праз плот і патупаў па дарожцы, па мастку, дзе шмат разоў гуляў з гаспадаром. Парасон паглядзеў на неба і ўбачыў там чараду воблакаў.
– Гэй, аблокі! – закрычаў парасон, – можа вы сустракалі на сваім шляху дожджык?!
Але воблакі былі высока і не чулі яго слоў. Тады парасон адштурхнуўся ад зямлі і... ракетай узляцеў да аблокаў. Але зараз яму не было неабходнасці задаваць ім тое ж пытанне, таму што ён сам убачыў удалечыні хмару, якая звычайна суправаджала дожджык. “Трэба хутчэй паспяшыць дадому, – падумаў парасон, – я магу спатрэбіцца свайму гаспадару.” Парасон раскрыўся і, як парашут, апусціўся на зямлю. Гэта была лясная паляна, на якой раслі грыбы. Заўважыўшы, што яны на яго падобныя, парасон вырашыў, што гэта парасонікі-гномікі і павітаўся з імі. Але, калі ўважліва паглядзеў наўкола, убачыў, што знаходзіцца ў незнаёмым месцы і не ведае ў які бок вяртацца дадому. Парасон вельмі засмуціўся і ледзь не заплакаў. Тут пачулася буркатанне грому і... парасон прачнуўся. “Як добра, што я дома!” – узрадаваўся ён. Дзверы адчыніліся і ў пакой увайшоў гаспадар, узяў парасон і выйшаў з ім на вуліцу. Убачыўшы, што ўслед за дожджыкам ідзе яго мама навальніца, парасон расцвіў усмешкай і, акрылены, пайшоў разам з гаспадаром па важных, тэрміновых справах.