КОТКА-БАСАНОЖКА (казачная гісторыя)
Не абавязкова кот у ботах, а й басаногая котка свайму гаспадару можа прынесці шчасце. Толькі пры ўмове, калі той жыве з Богам у душы. Адзін хлапчына, не дасягнуўшы свайго паўналецця, таксама, як і гаспадар ката ў ботах, застаўся сіратой. Толькі невялікую гаспадарку яму ні з кім не прыйшлося дзяліць – ні братоў, ні сясцёр ён не меў. Былі ў яго і добрая хаціна з агародам і садам, і кароўка, і свінчо, і куры. І котка Какотка церлася аб ногі, чакаючы малака. А карову даіць самому даводзілася, як і ўсю астатнюю гаспадарку весці. І без гаспадыні тут – хоць плач – цяжка абысціся. А дзе яе знайсці, калі большасць дзяўчат паз’ехалі ў горад, а тыя, што засталіся, хінуліся да дзяцюкоў багацейшых, якім бацькі і ў далейшым могуць быць апірышчам. Іншы на яго месцы пачаў бы заглядаць у бутэльку, хапацца за цыгарэты, ці так у якую распусту палез бы, а ён не: моцна трымаў дадзенае слова перад Богам і бацькамі..
А да ўсіх хатніх клопатаў дабавіўся яшчэ адзін: Какотка прынесла кацянят. Ніяк у Янкі – так звалі хлопца – рука не паднялася іх тапіць. Калі яны трохі падраслі, стаў пытаць аднавяскоўцаў: можа хто возьме кацяня? Адно ўзялі суседзі, адно пакінуў сабе, а трох астатніх паклаў у кош і разам з яйкамі і смятанай за сем вёрст панёс на кірмаш. Яйкі і смятану прадаў хутка, а з кацянятамі давялося пастаяць, хоць і грошай за іх не прасіў. І вось адно кацяня ўзяла бабулька і, як не аднекваўся, нейкі грош за яго пакінула. І адразу ж за ёй падышла дзяўчына, зазірнула Янку ў вочы. Узяла на рукі кацянят і кажа:
– Я вазьму абодвух, каб ім было весялей. Наш Банцік учора трапіў пад машыну. Які ж ты добры чалавек, што не загубіў іх...
Вяртаючыся дахаты, Янка вельмі шкадаваў, што не пазнаёміўся з ёй, не разгаварыўся. Аднак, відаць, так было трэба...
І ў наступны раз, будучы на кірмашы, ідучы па мястэчку, углядаўся: ці не мігне дзе яе зграбны стан, ці не заззяюць яе зялёныя вочы. Напрыканцы зайшоў у Божы храм. І тут, калі закончылася набажэнства, Янка павярнуў галаву і сустрэйся позіркам з Марысяй. Такім прыгожым аказалася й імя гэтай дзяўчыны, калі, як выйшлі з храма, ён набраўся смеласці і падышоў да яе...
...Яшчэ да іх вяселля Марыся прызналася Янку, што за дзень да іх сустрэчы ў храме яе кавалер, з якім даўно сябравалі, з другой дзеўкай пайшоў, бацькі якой слывуць багачамі...
І не раз казала:
– Тады на кірмашы і ў храме я праз твае вочы тваю душу ўбачыла светлую і чыстую...
І тут, у завяршэнне, трэба аддаць належнае котцы Какотцы, якая, прынёсшы прыплод, і стала прычынай гэтай сустрэчы...