Паляўнічы
Сёння ў Міхалкі
Настрой ваяўнічы:
Сёння Міхалка
Як ёсць паляўнічы!
Стрэльбу з карчажкі
Закінуў за плечы,
Якую зрабіў
Яшчэ ўчора на печы.
А каля ганка
Цэлую жменю
Насыпаў патронаў сабе
У кішэню.
Ну, а патроны —
Усе баявыя:
Каменьчыкі,
Костачкі з вішань сырыя...
Куды ж ён спяшае,
Падмазаўшы пяткі?
А побач — бярэзнічак,
Там — курапаткі...
Як птушак убачыў,
Красе іх здзівіўся —
Адразу пра стрэльбу сваю
I забыўся.