Калыханкі
Спі-засні, сыночак,
Мілы мой званочак,
Чуеш, травы-дрэвы
Шэпчуць: “Добрай ночы!”
Сочаць неба вочы,
Дасць Бог – не сурочаць,
А табе, мой хлопчык,
Шчасця напрарочаць.
І ваўчок ніколі
Укусіць не прыйдзе.
Дасць Бог знойдзеш долю,
Што ніхто не скрыўдзіць.
Хай табе радзіма
Будзе роднай маткай.
Спі, маё дзіцятка-
Беларусянятка.
2
Ходзіць сон па свеце.
Слухай, калі ласка,
Як часцей ты дзецям,
Сон, паказвай казкі.
Вось малы мядзведзік
Захварэў ангінай,
Лечыць яго мама
Мёдам і малінай.
Зайчыку малому
Дзе знайсці маркоўкі? –
Нос у снежнай бабы
Трэба ўкрасці зноўку.
У кітоў сыночак
Нарадзіўся ўчора.
Ім няма з ім гора –
Пакалыша мора.
Гэй, бабулька-ёжка,
Так не стукай гулка,
Памажы лепш трошкі –
Падмяці завулкі.
Ходзіць сон па свеце,
Слухай, калі ласка,
Як даўжэй ты дзецям,
Сон, паказвай казкі.