Год і яго род
Год стары дзяцей склікае,
Ён да ўсіх пытанні мае.
Сеў паважна ў крэсла:
— Што, вясна, прынесла?
— Я прынесла травы, кветкі,
Птушак ў неба, рыбу ў сеткі.
— А я, лета, нясу хлеба,
Маю ягад, колькі трэба,
Ўсе зграбаю сенажаці.
Не сяджу ніколі ў хаце.
Людзям — збожжа, дрэву — плод,
Птушкам — гнёзды, пчолам — мёд.
— Я, татуля, твая восень,
Змалаціла ўсё калоссе.
Ў садзе яблыкі паспелі,
Птушкі ў вырай паляцелі.
Я арэхаў назбірала,
Бульбу ў полі пакапала.
— Я, зіма, работу маю:
Дол абрусам засцілаю,
Я дні-ночы на хаду
Пражу белую праду.
Едзе сын, Новы год, —
Вось і ўвесь дзядулеў род.