Велiкан Шурум-Бурум
(Верш у трох частках, з інструкцыямі для дзяцей, якія ўмеюць выконваць інструкцыі, і бацькоў, якія ўмеюць чытаць інструкцыі)
Частка першая.
Інструкцыя: частку першую трэба чытаць гучна-гучна, моцна-моцна, што ёсць сілы тупаючы нагамі, са свістам, крычучы, пляскаючы ў ладкі і барабанячы лыжкамі па каструлях. А інакш нічога не атрымацца!
Я - Велікан Шурум-Бурум!
Я нашу з сабою шум!
Я - вясёлы і адважны
Велікан Шурум-Бурум!
Мне драконы – хоць бы што,
Хай адзін, а можа сто!
Аглушу любога шумам,
Не сапернік мне ніхто!
Барабаню і стучу,
Тарабаню і бранчу,
У мяне, Шурум-Бурума,
Шуму - колькі захачу!
Я раву і грукачу,
Я свішчу і рагачу,
Я кручуся і вярручуся,
Ні хвілінкі не маўчу!
Калі толькі захачу,
Я гучней за ўсіх крычу
Для мяне, Шурум-Бурума,
Гэта справа па плячу!
Частка другая.
Інструкцыя: частку другую трэба чытаць звычайным голасам, выразна, каб усе ганарыліся такім выдатным чытальнікам і падтрымлівалі яго.
Я забыў пра супакой –
Весяліціся са мной!
Ну а тата скажа строга:
"Хто шумiць на ўвесь пакой?”
Частка трэцяя.
Інструкцыя: частку трэцюю трэба чытаць ціхім-ціхім голасам, каб ніхто не чуў, а інакш падумаюць, што ты крычыш і перашкаджаеш іншым засяродзіцца на вершы.
Гэта ўсё Шурум-Бурум!
Ён зрабіў тут гэты шум!
Ён наводзіў чахарду!
А я ці-і-іхенька пайду…