Электрычка
З цягніком наперагонкі
Дождж бяжыць.
Мільгаюць знічкі.
Ад Бярэсця
І да Мінска
Звонкі грукат
Электрычкі.
Еду ў вёску
Да дзядулі
На пабыўку медавую.
А пакуль цягнік грукоча, —
За яго хадой
Цікую.
За акном —
Лясы і вёскі.
Паплавы,
Палі,
Дарогі.
То шырокія прасторы,
То бясконцыя аблогі.
Навакол —
Гамоняць людзі.
У мяне настрой —
Вясёлы.
Не маўчыць вагон на колах.
— Тра-та-та, —
Грукочуць колы.
Я прыехаў на дасвецці.
Ззяе сонца
У акенцы.
Шчыры дзякуй,
Электрычка.
Прывітанне,
Пагарэльцы!
За акном —
Лясы і вёскі.
Паплавы,
Палі,
Дарогі.
То шырокія прасторы,
То бясконцыя аблогі.