Чароўны свет маленства
... Цягнік павольна рушыў з перону і пацягнуўся ў бок Асіповіч. Прамільгнулі шматпавярховыя будынкі горада, прыгарадныя, добра пастаўленыя хаты і за вокнамі паплылі палі, пералескі.
Потым, недзе на палавіне дарогі, вакол чыгункі паўстаў густы лес. Зіма ўжо добра ўмацавалася на зямлі, скаваўшы рэчкі, сажалкі, балотцы празрыста-дымчатым ільдом з разнастайнымі карункамі, накінуўшы на плечы хвойкам і ялінкам белыя мяккія футрачкі. Цягнік спыніўся на невялічкім прыпынку і хлопчык гадоў трох, які ехаў з бабуляй у другім вагоне, нецярпліва заёрзаў і запытаў:
— Бабуля, ці хутка мы прыедзем?
— Хутка, унучак. Будзе яшчэ адзін прыпынак — станцыя Друць, а потым наша — Мілое.
За вакном зноў замільгацелі засыпаныя снегам хвойкі, і хлопчык зачаравана глядзеў у вакно, уткнуўшы нос у шыбу. Дрэвы стаялі ўбоч дарогі ў зімовым убранні і нібы віталі малога, запрашалі: “Калі ласка, хлопчык, калі ласка, вітаем цябе ў краіне белага хараства...”.
А вось за вакном паплылі магутныя яліны, на лапах у іх вялізнымі белымі шапкамі ляжаў снег. Хлопчык глядзеў на іх і яму здавалася, што гэта жывыя істоты, магутныя волаты-гаспадары лесу.
— Паглядзі, бабуля! Хто гэта, хто гэта? Во!Во! — запытаў хлопчык, паказваючы на елку, якая была большай за іншыя, і ў снегавым убранні была падобнай на вялізную чалавечую постаць.
— Гэта гаспадар зімовага лесу, Дзед Мароз. Гэта добры дзед, ён любіць маленькіх, а на Новы год кожнаму прыносіць падарунак.
— І мне, і мне прынясе?!
— А як жа, абавязкова, унучак. Вось прыедзем, схаджу ў лес і прынясу табе ёлачку. Потым мы з табой упрыгожым яе цацкамі і цукеркамі. А ў навагоднюю ноч прыйдзе Дзед Мароз. Ён прынясе і пакладзе пад ёлачку падарунак табе.
Цягнік падыходзіў да станцыі і маленькі чалавечак палапацеў за бабуляй да дзвярэй. Ягоныя вачаняты свяціліся захапленнем. Колькі цікавага, аказваецца, чакае ў бабулі ў вёсцы!..