Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Бусел

Няма галасоў

Напэўна, вясёлы жартаўнік прыдумаў гэты жарт. Ён кароценькі. Ты яго, дружа, адразу запомніш.

Ходзіць бусел па балоце,
Работы не мае.
Траву смыча,
Дзюбай тыча
Ды ўсё пазяхае.

Між тым ад буславага пазяхання не надта весела жывецца жабам, вадзяным жукам ды ўсялякім казюркам, мышам-палёўкам. I не толькі ім. Часам нават гадзюкі і вужы трапляюць на спажыву цыбатаму паляўнічаму. А паляваць яму даводзіцца з самага ранку да позняга вечара. Асабліва напачатку чэрвеня, калі ў гняздзе-капелюху з’явяцца бусляняты — жвавыя пухнацікі. Птушаняты аперваюцца і растуць хутка. Абы хапала корму. Праз два месяцы ў буслянцы становіцца цесна. Чарнадзюбыя маладыя буслы нецярпліва падскокваюць у гняздзе, ускідваюць над сабою крылы — спрабуюць іх сілу. Неўзабаве прыходзіць празрысты жнівеньскі дзень, калі ўся бусліная сямейка пакідае роднае жытло. У канцы жніўня, перад вандроўкай у далёкую Афрыку, буслы збіраюцца ў вялікія чароды і падоўгу кружацца ў небе. Высока-высока, пад самымі воблакамі. Проста над буслянкамі і хатамі. Так яны развітваюцца з радзімаю да наступнай вясны.
А ці ведаеш ты, мой дружа, адкуль з'явіліся на нашай зямлі буслы і чаму яны любяць жыць па вёсках, сярод людзей? Не чуў? Тады слухай.
Калісьці вандраваў на белым свеце добры чараўнік. I заблукаў ён на Беларусь. Бачыць — прыгожая тут зямля. Векавыя пушчы, ураджайныя палеткі, не злічыць рэчак і азёраў... Адно кепска: развялося шмат розных паўзучых гадаў. Жыцця ад іх няма ні людзям, ні жывёліне. Паспачуваў дабрадзей нашым прашчурам. Узяў вялізную торбу і сабраў туды рознае плюгаўства. Ніводнай жабы ні гадзюкі не пакінуў.
Вядома, стаміўся ад такой нялёгкай работы. Не хапіла сілы самому падняць і занесці тую торбу, каб укінуць у бяздонную багну-дрыгву. Таму і гукнуў на падмогу хлопца, які сена касіў на лузе. Узваліў яму чараўнік торбу на спіну ды загадаў не развязваць па дарозе.
А дзяцюк, як на тое, аказаўся вельмі цікаўны. Закарцела яму зірнуць, што ў торбе варушыцца ды сыкае. Схаваўся ён за бухматы куст вербалозу і развязаў торбу. Як развязаў — дык самлеў ад страху. Гады тым часам вылезлі і зноўку распаўзліся па ўсёй зямлі.
Добры чараўнік не схацеў другі раз з імі пэцкацца. Начапіў ён парожнюю торбу неслуху-касцу на плячо — выправіў яго збіраць выпушчанае плюгаўства. Толькі дзяцюк злавіў першую жабу — як ператварыўся ў бусла.
З таго часу і дыбае бусел, нібы касец, па лугах-балотах. Босы, а чырвонымі нагамі, у белай кашулі і з чорнаю торбаю за спіной. Потым чараўнік злітасцівіўся над небаракам, паслаў яму на падмогу жонку-бусліху і дзетак-буслянят. А жыць дазволіў у вёсцы, сярод людзей, каб не забыліся, што вядуць свой пачатак ад чалавечага роду. Людзі таксама помняць пра гэта, таму ніколі не крыўдзяць буслоў, шануюць іх, як родных братоў.

Іншыя вершы аўтара