Янка-Запытанка
Ледзь паснедаўшы, ад ранку
Да начы бесперастанку
Задае пытанні Янка,
Па мянушцы Запытанка.
— Мама, а чаму, скажы,
Расце цеста ў дзяжы?
А чаму ў каровы рогі?
А куды вядуць дарогі?
Ах ты, Янка,
Янка-Запытанка!
— А чаму гурок зялёны?
Чаму клён завецца клёнам?
Хата дзятла на сасне?
Воўк адзін жыве ці не?
Толькі ўспомніў пра ваўка —
Скок аднекуль шэры,
I схапіў ён хлапчука:
— Будзе мне вячэра!
Хоць прыйшла бяда такая,
Ды хлапец усё пытае:
— Дзе ты, воўча, бок падраў?
А ці шмат у цябе спраў?
А чаму бяжыш, як сонны?
А ці мыў ты вушы сёння?
Воўк ад злосці аж засоп,
За каўнер хлапчыну згроб,
Да нары не дацягнуў,
Тут, адразу ж, праглынуў.
Ах ты, Янка,
Янка-Запытанка!
Рады, сыты, Воўк смяецца.
Толькі што гэта — здаецца,
А ці праўда: з жывата
Янка зноў пачаў пытаць.
— А чаму трасешся ты?
А нашто звярам хвасты?
А які тут цёмны кут!
А спяваць ці можна тут?
...Да Ваўка бягуць звяры,
Бачаць, Воўк маўчыць стары,
Сціснуў зубы, сціснуў рот,
А крычыць... крычыць жывот!
Ах ты, Янка,
Янка-Запытанка!
Воўк — дадому. Ды дарма —
Там Ваўчыца кажа:
— Прэч! Якое ваўчаня
Спаць пры шуме ляжа?
I паплёўся Воўк удаль,
У абласны лясны шпіталь.
Да ўрача ўваліўся Воўк,
Захрыпеў, завыў і змоўк...
...Саслабелы Воўк ляжыць.
Янка сцежкаю бяжыць
Ды ўсё пытаецца...
А звяры хаваюцца:
Хто ў балота,
Хто ў мох,
Каб убачыць
Іх не мог!
Усе баяцца Янку,
Янку-Запытанку!