Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Яблык

Няма галасоў

Дзед быў на рынку і купіў сабе яблык. Вялікі, з залацістымі бакамі і празрысты. Нават зярняткі відаць. Пакруціў дзед у руцэ яблык, хацеў з'есці, ды перадумаў:
— Занясу дадому. Дзяцей пачастую.
Дома дзед аддаў яблык унучцы Ніне.
— Ой, які яблык вялікі! — усклікнула Ніна. I толькі яна хацела адкусіць, як прыйшла з работы мама.
— Мамачка, — сказала Ніна, — ты стамілася. Вазьмі з'еш яблык.
Маці падзякавала Ніне, узяла яблык, палюбавалася ім.
— Я Міхаську пачастую. Ён жа ў нас самы маленькі, — сказала маці. I калі Міхаська вярнуўся з дзіцячага сада, аддала яблык яму.
Міхаська нават ножкамі затупаў ад радасці, такі яблык яму далі — вялікі, залацісты, прыгожы!
Ён дастаў са скрынкі ножык, паглядзеў на дзеда, маму, Ніну і разрэзаў яблык на чатыры часткі.
— Гэта, дзядуля, табе, гэта маме, а гэта мне і Ніне, — падзяліў ён. — Ешце, калі ласка.
Смачны быў яблык. Салодкі, сакавіты. Усе елі і хвалілі Міхаську. А больш за ўсіх хваліў дзядуля.

Іншыя вершы аўтара