Вечар у горадзе
Вечар у горадзе.
Раскрыліўся цёмна - каштанавы вечар.
Стаміўся. Стараўся паспець
Падсыпаць сняжку, запаліць зоры-свечы
І ў вокны дамоў паглядзець.
Праверыць: малечы ці ў ложках паснулі,
Ці тата з работы прыйшоў,
Ці вяжа ўнучцы шкарпэтку бабуля,
У мамы пірог ці дайшоў.
Ці выканаў вучань у сшытку заданне,
Дзядуля ці лекі прыняў.
Ці выйшла дзяўчына ў парк на спатканне…
Убачыў ўсё. Крылы склаў.
Далоні пад голаў злажыў і стаіўся.
Парадак у горадзе. Ціш.
Мой вечар! А мне калыханку? Забыўся?
Спытала. Маўчанне ў адказ.
Смачна спіш.