Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Усмешка

Няма галасоў

У даўнія-даўнія часы на беразе сіняга мора стаяў блакітны казачны горад. Жылі ў ім шчаслівыя людзі. У дзень яны працавалі і спявалі песні, бо праца прыносіла ім радасць. А ўвечары з іхніх дамоў лілася музыка.
Сустракаючыся, людзі ўсміхаліся адзін аднаму: такое было ў іх прывітанне.
Пра тое, што на свеце ёсць горад, у якім усе людзі шчаслівыя, даведаўся злы чараўнік. Той самы, які ніколі не спяваў, не любіў музыкі і не ўсміхаўся. Ён рабіў толькі чорныя справы: хлусіў, прыдумваў плёткі, лаяўся.
— Я ведаю, чаму тыя людзі шчаслівыя, — сказаў сам сабе чараўнік. — Яны шчаслівыя таму, што ўмеюць усміхацца. Вось палячу я ў той горад, адбяру іхнія ўсмешкі і стану адзін шчаслівы.
Сеў ён на свой дыван-самалёт і паляцеў. Ляцеў ноччу, бо ўсе злыя чараўнікі лётаюць толькі ноччу, калі добрыя людзі спяць і бачаць харошыя сны.
Унізе паказаліся блакітныя дахі, і злы чараўнік здагадаўся, пгго гэта і ёсць той самы казачны горад.
Пачало світаць. З-за мора выкаціўся залаты шар сонца. Цёплыя хвалі лашчылі бераг, усыпаны гладкімі каменьчыкамі. З комінаў пацягнуўся лёгкі дымок.
Седзячы за комінам, злы чараўнік чакаў, пакуль хто-небудзь з'явіцца на вуліцы.
Нарэшце ён убачыў першага жыхара казачнага горада. Той ішоў і ўсміхаўся сонцу, якое шчодра грэла зямлю, птушкам, якія весела спявалі на дрэвах, і зялёным лісточкам, што трымцелі ад лёгкага ветрыку.
Чараўнік вылецеў з-за коміна і апынуўся перед чалавекам.
— Аддай усмешку! — крыкнуў ён страшным голасам, ад якога пасыпалася лісце з дрэў і перасталі спяваць птушкі.
Усмешка адразу знікла з твару чалавека — як яе возьмеш?
Тады чараўнік падбег да другога чалавека і гукнуў:
— Аддай усмешку!
Але зноў адабраць не змог. Яна таксама знікла.
Чараўнік паспрабаваў украсці усмешку, забраць яе непрыкметна, каб ніхто не бачыў. I з гэтага нічога не выйшла.
— Куплю усмешку, — вырашыў чараўнік.
Але ўсе, каму ён ні гаварыў пра гэта, толькі паціскалі плячамі.
Чараўнік заплакаў ад крыўды. Злыя слёзы градам пакаціліся па яго зморшчаных шчоках.
Адзін добры чалавек пашкадаваў чараўніка, пасадзіў яго на лаўку ля блакітнага фантана, выцер ягоны твар ад слёз і спытаў:
— Чаго ты плачаш, добры чалавек?
Ніхто ніколі не звяртаўся да чараўніка з такімі словамі, і ён заплакаў яшчэ мацней.
— Не магу больш так жыць, — усхліпваючы, прагаварыў чараўнік, — ніхто мяне не любіць, няма ў мяне сяброў... Я хачу ўсміхацца, як усе, але не магу здабыць сабе усмешку.
— Усмешку не купіш і не ўкрадзеш, — сказаў жыхар казачнага горада. — Яе дораць за добрыя справы. Успомні, ці зрабіў сёння што добрае. У полі працаваў?
— Не, — адказаў чараўнік.
— Дом будаваў?
— Не.
— Хлеб пёк? Адзежу шыў? Можа, дзяцей добраму вучыў?
— Не, не, не, — і чараўнік нізка апусціў галаву.
Чалавек уздыхнуў:
— Дрэнныя твае справы. Але ты можаш памагчы сабе сам. Рабі дабро.
I жыхар казачнага горада пайшоў на працу.
А чараўнік сядзеў і усхліпваў, бо не ведаў, як яно робіцца, тое дабро.
Маленькая дзяўчынка бегла ў садзік, спатыкнулася аб каменьчык і ўпала.
Чараўнік падхапіўся, падняў дзяўчынку і стаў дзьмуць на яе пабітае каленца, каб не балела.
Дзяўчынка, якая толькі што хацела заплакаць, раптам усміхнулася чараўніку так прыветна, што і яго губы таксама расцягнуліся ва усмешку. Першы раз у жыцці!
Яму стала так лёгка, так весела, што ён пацалаваў дзяўчынку ў абедзве шчакі, сеў на свой дыван-самалёт і паляцеў рабіць добрыя справы.
Цяпер ён напэўна стаў шчаслівым добрым чараўніком і сам дорыць людзям усмешкі.