Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Сынок-з-кулачок

Вашая адзнака Нет Сярэдняя: 4.4 (5 галасы)

Жылі дзед і баба. I быў у іх сынок. Ды такі малы, што з-пад шапкі не відаць. Не большы за кулак. Так дзед з бабай яго і звалі: сынок-з-кулачок.
Паехаў аднойчы дзед араць, а бабе сказаў, каб згатавала абед ды прынесла яму на поле.
Баба згатавала абед ды кажа сыну:I
— Каб ты быў большы, дык занёс бы бацьку абед за мяне. А так мне самой трэба ісці.
А сынок падхрабрыўся і кажа:
— Давай, мама, занясу абед.
— Дзе табе данесці яго? — не верыць маці.
— Данясу!
Узяў сынок-з-кулачок абед, паставіў у дзедаў лапаць, сам ззаду сеў і паехаў.
Едзе сабе і песенькі спявае. Прыехаў на поле, гукае бацьку:
— Тата, я табе абед прывёз!
Убачыў яго бацька, зарадаваўся:
— Малайчына, сынок!
Сеў ён абедаць, а сын кажа:
— Тата, пасадзі мяне на саху, я араць буду.
— Як жа ты будзеш араць?
— А паглядзіш, — кажа сын.
Пасадзіў яго бацька на саху. Сынок-з-кулачок узяў лейцы ў рукі і крыкнуў на каня:
— Но, сівы-буры!
I пачаў араць.
Ехаў дарогаю пан у брычцы. Убачыў ён такое дзіва.
— Прадай, дзед, мне свайго аратага, — кажа пан.
— Не, пане, не прадам, гэта мой сынок.
А пан прычапіўся, як смала: прадай ды прадай.
— Я табе, — кажа пан, — дам шмат грошай.
Пачуў гэта сынок, падбег да бацькі і шэпча яму:
— Прадавай, тата, толькі вазьмі ў пана за мяне жменю золата. Не бойся, я ад яго ўцяку...
Згадзіўся дзед і прадаў пану сына за жменю золата.
Узяў пан хлопчыка, пасадзіў у кішэню і паехаў. «Вось, — думае, — добрага аратага нажыў. Гэтакага ні ў кога няма. Няхай зайздросцяць мне ўсе паны!»
Тым часам хлопчык прадраў панскую кішэню, цішком вылез з яе ды выскачыў з брычкі. Пан нават і не пачуў. Паехаў сабе дамоў хваліцца дзіўным аратым.
Агледзеўся хлопчык, аж кругом яго густы лес. Пахадзіў ён, пахадзіў па лесе і заблудзіўся. А тут і вечар настаў. Сеў хлопчык пад елкаю і плача.
Ні адсюль ні адтуль — галодны воўк. Ухапіў ён хлопчыка і праглынуў яго. Апамятаўся хлопчык, пачаў брыкацца ў воўчым жываце, пачаў крычаць:
— Гэй, воўк, нясі мяне дахаты!
— Не панясу, — кажа воўк.
— Нябось, панясеш, як надакучу табе.
— Паглядзім, — агрызнуўся воўк і пабег у поле шукаць авечак. Прыбягае да чарады авечак, а хлопчык як крыкне з воўчага жывата:
—Гэй, пастухі, воўк па авечкі крадзецца!
Пачулі гэта пастухі, прагналі злодзея. Ды яшчэ і сабак нацкавалі на яго.
Прыбег воўк у лес і кажа хлопчыку:
— Вылазь вон!
— Не, не вылезу, — адгукаецца хлопчык. — Нясі мяне дадому.
— Не панясу, — злуецца воўк.
Выгаладаўся воўк ды зноў пайшоў шукаць спажывы. Але куды ні прыйдзе — усё няўдача: не дае яму хлопчык спакою.
Зусім схуднеў воўк, ледзьве ногі цягае.
А хлопчык усё свае права правіць:
— Нясі мяне дадому!
Бачыць воўк — няма рады, панёс хлопчыка дадому. Прынёс да двара і кажа:
— Вылазь, вунь твая хата!
— Не, — адказвае хлопчык, — нясі на двор.
Прынёс яго воўк на двор і зноў крычыць:
— Вылазь!
— Не, нясі ў сенцы.
Прынёс воўк яго ў сенцы. Тут хлопчык выскачыў вон ды як закрычыць:
— Тата, хадзі ваўка біць!
Выбег бацька з качаргою і забіў ваўка. Шкуру злупіў і бабе футра пашыў. А баба сасмажыла за гэта дзеду і сынку гуся.
Тут і казка ўся.