Селянін, мядзведзь і лісіца
Араў селянін поле. Не канём, а валом. А вол такі лянівы быў, што проста бяда. Ні голасу не слухае, ні пугі не баіцца. Раззлаваўся селянін на вала ды як крыкне на яго:
— Ану, каб цябе мядзведзь задушыў!
Толькі ён так сказаў, аж тут і мядзведзь ідзе.
— Ну, давай, — кажа да аратага, — свайго вала. Я яго задушу.
Пачухаў селянін патыліцу. Шкада стала яму вала. Ды і араць не будзе на чым. Сам жа сахі не пацягнеш.
Вось ён і пачаў прасіцца ў мядзведзя:
— Дай, — кажа, — хоць загон дакончу. А ты схадзі тым часам за мяжу, у быльнёг, адпачні там.
— Добра, — згадзіўся мядзведзь. — Спяшацца мне няма куды.
Пайшоў ён за мяжу і лёг адпачываць.
Бяжыць з лесу лісіца, спынілася каля селяніна:
— Тпру-ру-ру! Гай, чалавеча, ці не бачыў ты тут ваўкоў-медзвядзёў? Стральцы едуць, пра іх пытаюцца.
— Не, лісанька, не бачыў, — адказвае ён.
А хітрая лісіца пакруцілася, пакруцілася каля воза ды зноў пытаецца:
— А што гэта там за мяжою ляжыць?
— Калода на лучыну, — кажа селянін.
Лісіца намахала хвастом:
— Каб гэта была калода, дык яна б на возе ляжала...
Сказала так і пабегла ў лес.
Пачуў гэта мядзведзь і просіцца ў селяна:
— Палажы мяне на воз...
Селянін палажыў яго на воз.
Зноў прыбягае лісіца.
— Тпру-ру-ру! Гэй, чалавеча, ці не бачыў ваўкоў-медзвядзёў? Стральцы едуць, пра іх пытаюцца.
— Не, не бачыў...
— А што гэта ў цябе на возе ляжыць?
— Калода на лучыну.
— Каб гэта была калода, яна б вяроўкаю была прывязана.
Сказала так і пабегла ў лес. Мядзведзь кажа селяніну:
— Прывяжы мяне вяроўкаю.
Узяў селянін вяроўку ды так увязаў мядзведзя, што той і не зварухнецца. А лісіца тут як тут:
— Тпру-ру-ру! Гэй, чалавеча, не не бачыў ты ваўкоў-медзвядзёў? Стральцы едуць, пра іх пытаюцца.
— Не, не бачыў.
— А што гэта ў цябе на возе ляжыць?
— Калода на лучыну.
— Каб гэта была калода, у ёй бы сякера тырчала.
Сказала і пабегла ў лес. Мядзведзь дужа напужаўся стральцоў, просіць селяніна:
— Зрабі, каб на мне сякера тырчала.
— Добра, — кажа селянін.
Узяў ён сякеру і ўсадзіў з размаху ў мядзведзя. Мядзведзь трохі паварушыўся — ды і дух з яго вон. А лісіца зноў тут.
— Ну, цяпер дай мне гасцінца за вала, — кажа да селяніна.
— Якога?
— Мяшок курэй.
— Добра, — кажа селянін, — дам табе гасцінца. Пачакай трошкі. Пайшоў селянін дахаты па курэй, а тут і сапраўды наехалі стральцы з сабакамі. Убачылі сабакі лісіцу ды за ёю. Лісіца і ад курэй адраклася. Ледзь да
сваёй нары дабегла.
Ускочыла ў нару, задыхалася.
А сабакі стаяць, лісіцу вартуюць, з нары не выпускаюць.
Надакучыла лісіцы ў нары сядзець, парашыла яна ад сабак адкупіцца.
— Вочы, вочы, — кажа лісіца, — што вы рабілі, як я ад сабак уцякала?
— Глядзелі, куды табе бегчы.
— А вы, вушы?
— Слухалі, ці блізка сабакі.
— А вы, ногі?
— Хутчэй беглі, цябе ратавалі.
— А ты, хвост, што рабіў?
— А я ўсё то за пень, то за калоду чапляўся.
— Ну, хвасцішча-дурнішча, аддам жа я цябе сабакам!
I выставіла хвост з нары:
— Наце вам, сабакі, хвост!
Сабакі ўхапіліся за хвост ды і лісіцу разам з ім выцягнулі.