Радзіма
Радзіма —
нівы, рэкі і бары,
бярозавікам вецер набрыняў,
у Белавежы волаты-зубры,
а вунь мацуе ножкі зубраня.
Радзіма!
Тата, мама і браты,
сястра, бабуля, дзед
і шмат радні
зрабілі ўсё,
каб меў радзіму ты.
Яе высокі гонар барані.
Стварай сваё,
ды беражы, што ёсць,
Дужэй між птушак,
песень і цяпла.
А розум, дабрату і прыгажосць
табе прырода родная дала.