Вершы і казкі для дзяцей

Вершы для дзяцей

Піліпка-сынок

Вашая адзнака Нет Сярэдняя: 3.7 (11 галасы)

Жылі мужык і жонка. А дзяцей у іх не было. Жонка бядуе: няма каго ёй калыхаць, няма каго гадаваць...
Аднаго разу мужык пайшоў у лес, высек з алешыны палена, прынёс дахаты і кажа жонцы:
— На, калышы.
Палажыла жонка палена ў калыску ды давай калыхаць і спяваць:
— Люлі, люлі, сынок, з белымі плячыцамі, з чорнымі вачыцамі...
Калыхала дзень, калыхала другі, на трэці бачыць: замест алешынкі ляжыць у калысцы хлопчык!
Зарадаваліся мужык і жонка, назвалі сына Піліпкам і сталі яго гадаваць.
Падрос Піліпка і кажа бацьку:
— Зрабі мне, тата, залаты чоўнік, срэбранае вясельца — хачу рыбу лавіць.
Бацька зрабіў яму залаты чоўнік, срэбранае вясельца ды выправіў на возера лавіць рыбу.
Сынок як лавіць дык лавіць — дзень ловіць і ноч ловіць... Нават і есці дахаты не ідзе: вельмі ж добра рыба ловіцца! Маці яму сама абед насіла. Прынясе да возера і кліча:
— Піліпка-сынок, плыві пад беражок, з'еш піражок!
Піліпка падплыве да берага, высыпле з чоўна рыбу, а сам з'есць піражок ды зноў на возера.
Пачула старая Баба Яга — касцяная нага, як маці кліча Піліпку, і парашыла яго са свету звесці.
Узяла яна мяшок і качаргу, прыйшла да возера і начала клікаць:
— Піліпка-сынок, плыві пад беражок, з'еш піражок!
Піліпка падумаў, што гэта маці, і падплыў.
А Баба Яга падчапіла качаргою чоўнік, выцягнула на бераг, схапіла Піліпку — ды ў мяшок.
— Ага, — кажа, — больш не будзеш тут рыбку лавіць.
Закінула мяшок на плечы і нанесла да сябе, у лясную гушчэчу. Доўга несла, змарылася, села адпачыць ды і заснула. А Піліпка тым часам вылез з мяшка, паклаў туды цяжкага камення ды зноў вярнуўся да возера.
Прачнулася Баба Яга, схапіла мяшок з каменнем і, крэкчучы, панесла дадому. Прынесла і кажа да сваёй дачкі:
— Спячы ты мне на абед гэтага рыбака.
Вытрусіла Баба Яга мяшок на падлогу, аж там адно каменне... Як узлавалася Баба Яга, як закрычыць на ўсю хату:
— Я ж табе пакажу, як мяне падманваць!
Зноў пабегла на бераг возера ды давай клікаць Піліпку:
— Піліпка-сынок, плыві пад беражок, з'еш піражок!
Пачуў гэта Піліпка.
— Не, — кажа, — ты не мая маці, а Баба Яга. Я цябе ведаю! У маёй мамы голас танчэйшы.
Як ні клікала Баба Яга, Піліпка не паслухаў яе.
— Добра ж, — падумала Баба Яга, — зраблю я сабе танчэйшы голас.
Пабегла яна да каваля і кажа:
— Каваль, каваль, натачы мне язык, каб танчэйшы быў.
— Добра, — кажа каваль, — натачу. Кладзі яго на кавадла.
Палажыла Баба Яга свой доўгі язык на кавадла. Каваль узяў молат і пачаў кляпаць язык. Адкляпаў так, што ён зусім тонкі зрабіўся. Пабегла Баба Яга на возера ды кліча тоненькім галаском:
— Піліпка-сынок, плыві пад беражок, з'еш піражок!
Пачуў Піліпка і падумаў, што гэта маці яго кліча. Падплыў да берага, а Баба Яга — цоп яго ды ў мяшок.
— Цяпер ты мяне не падманеш! — радуецца Баба Яга.
I, не адпачываючы, прынесла яго дадому. Выкінула з мяшка і кажа дачцэ:
— Вось ён, падманшчык! Палі ў печы яго. Каб да абеду гатовы быў.
Сказала так, а сама пайшла некуды. Дачка запаліла ў печы, прынесла лапату і кажа Піліпку:
— Лажыся на лапату, я цябе ў печ саджаць буду.
Лёг Піліпка і падняў ногі ўгару.
— Не так! — крычыць ведзьміна дачка. — Гэтак я цябе ў печ не ўсаджу.
Піліпка звесіў ногі ўніз.
— Не так, — зноў крычыць ведзьміна дачка.
— А як жа? — пытаецца Піліпка. — Пакажы сама.
— Дурны ты! — вылаяла яго ведзьміна дачка. — Вось як трэба. Глядзі!
Лягла яна сама на лапату, выпрасталася. А Піліпка за лапату ды ў печ. I заслонкаю яе засланіў, каб не выскачыла з гарачай печы.
Толькі ён выбег з хаты, бачыць: Баба Яга ідзе. Піліпка скокнуў на высокі густы явар і схаваўся ў галлі.
Зайшла Баба Яга ў хату, нанюхала — смажаным пахне. Дастала з печы смажаніну, наелася мяса, косці на двор выкінула ды пачала качацца па іх, прымаўляючы:
— Павалюся, пакачуся, Піліпкавага мяса наеўшыся, крыві напіўшыся.
А Піліпка адказвае ёй з дрэва:
— Паваліся, пакаціся, доччынага мяса наеўшыся, доччынай крыві напіўшыся.
Пачула гэта ведзьма і аж учарнела ад злосці. Падбегла да явара і давай яго зубамі грызці, падгрызаць.
Грызла, грызла, зубы паламала, а моцны явар стаіць як стаяў. Пабегла тады Баба Яга да каваля:
— Каваль, каваль, выкуй мне сталёвую сякеру, а то я тваіх дзяцей паем.
Спужаўся каваль, выкаваў ёй сякеру.
Прыбегла Баба Яга да явара, пачала яго секчы. А Піліпка кажа:
— Не ў явар, а ў камень!
А ведзьма сваё:
— Не ў камень, а ў явар!
А Піліпка сваё:
— Не ў явар, а ў камень!
Тут сякера як стукнецца ў камень — уся і вышчарбілася. Заенчыла ад злосці ведзьма, схапіла сякеру ды пабегла да каваля вастрыць.
Бачыць Піліпка — хістацца пачаў явар: падсекла яго ведзьма! Трэба ратавацца, пакуль не позна.
Ляціць чарада гусей. Піліпка да іх:
— Гусі, гусі, скіньце мне па пяру! Я з вамі палячу да бацькі, да маткі, там вам адплачу...
Гусі скінулі яму па пяру. Зрабіў Піліпка з гэтых пёраў толькі паўкрыла.
Ляціць другая чарада гусей. Піліпка просіць:
— Гусі, гусі, скіньце мне па пяру! Я з вамі палячу да бацькі, да маткі, там вам адплачу...
I другая чарада скінула яму па пяру.
Потым прыляцела трэцяя і чацвёртая. I усе гусі скінулі Піліпку па пяру. Зрабіў сабе Піліпка крылы ды паляцеў услед за гусямі.
Прыбегла ведзьма ад каваля, сячэ явар, аж трэскі сыплюцца. Секла, секла, — явар — трах! — упаў на ведзьму і задавіў яе.
А Піліпка прыляцеў з гусямі дахаты. Зарадаваліся бацькі, што Піліпка вярнуўся, пасадзілі яго за стол, пачалі частаваць.
А гусям далі аўса. Тут і казка ўся.